Галоўрэд «НН» Ягор Марціновіч пасля вызвалення: Дзякуй за падтрымку тысячам беларусаў!

Галоўны рэдактар «Наша Нівы» выйшаў на волю. Сёння ён апублікаваў у фэйсбуку допіс, у якім падзяліўся першымі думкамі пасля вызвалення.

Фота з фэйсбука Ягора Марціновіча

Фота з фэйсбука Ягора Марціновіча

«У мяне было 2 гады і яшчэ 1,5 месяца, каб прыдумаць арыгінальны допіс на гэтае месца. Але неяк не склалася, пацягнула на філасофію, — напісаў Ягор Марціновіч. —

Я хачу сказаць ВЕ-ЛІ-ЗАР-НЫ дзякуй тысячам беларусаў, якія падтрымлівалі мяне, дапамагалі мне ці іншым палітвязням альбо хаця б у душы перажывалі за нас. Гуртом шмат што лягчэй. Пастараюся адпісаць ці адзваніцца кожнаму, ад каго атрымліваў вестачкі. Я толькі пераканаўся, што прыстойных, сумленных беларусаў, сапраўдных патрыётаў нашай краіны ў разы больш, чым я мог сабе ўявіць у самых смелых фантазіях.

Балюча ад разумення, колькі дадатковых клопатаў і праблемаў звалілася на нашых родных і блізкіх. Асноўны цяжар выцягнулі на сваіх плячах менавіта яны. Нам што? — сядзі на месцы і падлічвай дні. Але ж родныя не падпісваліся на тое, каб бачыць тэрарыстаў у балаквалах у сваёй кватэры, стаяць у чэргах пад СІЗА, а пасля яшчэ і губляць нервы ў чаканні, выпусцяць ці не выпусцяць. Карацей, занадта шмат розных “але”, каб дакладна сказаць, як усім нам варта было рабіць правільна — каб мінімазаваць магчымыя страты і павялічыць шанцы на перамогу Беларусі і здаровага сэнсу. Па-ранейшаму веру, што гэта адбудзецца.

А персанальна для мяне важна, што я вяртаюся на свабоду з чыстым сумленнем. Мне не сорамна глядзець у вочы людзям, і гэта ўжо нямала».


Глядзіце таксама

Раней стала вядома пры вызваленне другога палітзняволенага нашаніўца Андрэя Скурко, які займаўся ў выданні пытаннямі маркетынгу і рэкламы.

У сакавіку 2022 года ў судзе Заводскага раёна Мінска (суддзя Анжэла Касцюкевіч) Ягору Марціновічу і Андрэю Скурко прысудзілі па 2,5 года калоніі.

У апошнім слове нашаніўцы казалі пра сваіх сваякоў, для якіх гэта стала вялікім ударам, і перадавалі словы падтрымкі тым, хто быў разам.

Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко затрымалі 8 ліпеня 2021 года. У той дзень былі затрыманыя таксама рэдактар «Нашай гісторыі» Андрэй Дынько і бухгалтарка Вольга Раковіч. Іх праз 10 дзён адпусцілі. У дачыненні Вольгі Раковіч праз пэўны час крымінальны пераслед спынілі.

Крымінальную справу супраць Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко сілавікі завялі паводле ч. 2 арт. 216 Крымінальнага кодэкса (прычыненне маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, учыненае групай асобаў па папярэдняй змове або ў буйным памеры). Нашаніўцаў судзяць па эканамічным артыкуле за аплату камунальных паслуг па тарыфах для фізічных, а не юрыдычных асоб.

Першапачаткова шкоду налічылі ў памеры 3500 рублёў. Потым гэтая сума вырасла да 10 тысяч. Нашы калегі пагасілі шкоду да суда, «Мінскводаканал» і «Мінскэнерга» адклікалі іскі.