Футбольны фанат: Газету не даюць пранесці на стадыён, навошта узмацняць меры?
У Палаце прадстаўнікоў ляжыць законапраект, якім беларуская міліцыя плануе патушыць напружанне паміж сабой і спартыўнымі заўзятарамі.
Адна з мер — забараніць праход на стадыёны і арэны тым, хто парушае заканадаўства падчас спартыўных мерапрыемстваў. Такіх асобаў плануюць заносіць у базу дадзеных, якая будзе выкладзена ў вольным доступе на сайце МУС.
“Гэта ініцыятыва была б някепскай, калі б у ёй была патрэба, — выказваецца “Еўрарадыё” фанат “Дынама-Мінск”, які падтрымлівае клуб з 1982 года. — Калі ў Польшчы на футбольную гульню ходзіць па 50 тысяч чалавек, то там ёсць вялікі дзвіж. У тым ліку і хуліганскі. А ў нас цяпер і дзвіжаў не засталося. У Мінску 200 чалавек ходзіць на фанку (трыбуну з фанатамі “Дынама—Мінск”. — “Еўрарадыё”). І пры гэтым ціск з боку міліцыі вар’яцкі”.
Стары фанат перакананы, што пры такой наведвальнасці стадыёнаў беларуская міліцыя ў стане без праблем спыніць любыя беспарадкі. Чарговае ўзмацненне мераў зробіць і без таго пустыя беларускія стадыёны яшчэ пусцейшымі. І ўсё для таго, каб трымаць фанатаў пад татальным кантролем.
“Куды яшчэ ўзмацняць меры. Ім рабіць няма чаго? Нават да мяне, дарослага дзядзькі, прыходзіць участковы раз на паўгода і ўдакладняе, ці хаджу на футбол, ці езджу на выезды. І так у нас падчас праходу на стадыёны самы вар’яцкі шмон. А, паводле прапаноў міліцыі, трэба будзе яшчэ прад’яўляць пашпарт, які будуць звяраць з базай дадзеных. Цяпер на гульню, каб паспець, трэба будзе прыходзіць за гадзіну. А што рабіць на адкрытым беларускім стадыёне, дзе нічога не прадаюць, холадна і брудныя сядзенні? І не даюць нават газету пранесці, каб не запэцкаць с..ку. Напэўна, лічаць, што фанаты — адзіная сіла ў краіне, якая можа нешта зладзіць на майдане. Усё хочуць трымаць пад кантролем”.
Дарэчы, законапраект прадугледжвае, што базу дадзеных на сайце МУС зможа праглядаць любы ахвотны. У тым ліку робіцца гэта для таго, каб спіс забароненых фанатаў маглі пабачыць працадаўцы і бацькі футбольных хуліганаў.
Плануецца, што тэрмін, цягам якога нельга будзе трапляць на стадыёны і арэны, будзе складаць ад 2 месяцаў да 2 гадоў. Паспрабаваў абысці забарону — атрымай штраф ці нават арышт.
Прыкладна такія ж меры ўжываюцца ў многіх заходнееўрапейскіх краінах — у Англіі, Італіі, Польшчы, Германіі і гэтак далей.
“У Польшчы забарона праходу на стадыён — гэта адзін з інструментаў пакарання людзей. Напрыклад, калі чалавек несанкцыявана карыстаецца піратэхнікай, не рэагуючы на загады арганізатараў, — апісвае польскую сітуацыю фанат варшаўскай “Палоніі” Марцін Полэць. — Максімальны тэрмін забароны — шэсць гадоў. Таксама ёсць больш мяккія меры. Адна з іх — калі чалавека прымушаюць перад кожным матчам адзначацца ў паліцыі”.
Многія аматары футбола з Польшчы таксама не ў захапленні ад названых мераў. Полэць лічыць, што часта такім чынам палітыкі змагаюцца супраць нелаяльных фанатаў. Колькі год таму на стадыёнах масава выступалі супраць ураду Дональда Туска. І тады многіх фанатаў проста з трыбун цягнулі ў міліцэйскі пастарунак і давалі штрафы за брудную лаянку. Грунтоўных доказаў, што чалавек парушаў закон, пры гэтым не было, кажа Полэць.
“Але людзі з мафіі і арганізаваных злачынных груп, нягледзячы на забароны, праходзілі на матчы. Яны паказвалі падробленыя пашпарты ці проста іх баяліся не прапускаць прадстаўнікі службы аховы. І людзі займаліся вярбоўкай ці распаўсюджваннем наркотыкаў, — працягвае Полэць. — Для звычайнага гледача такія меры — добрая ідэя. Але на справе яны ўжываюцца як элемент палітычнай барацьбы. Вось у чым праблема”.