«Француза з патронам» Жалана Віё прызналі невінаватым

У Гомельскім абласным судзе абвясцілі прысуд грамадзяніну Францыі Жалану Віё, якога злавілі на мяжы з адным баявым патронам: прызнаны невінаватым і вызвалены з-пад варты пасля двух месяцаў за кратам, паведамляе "Радыё Свабода".

80f32ac8_3efe_440e_8bd4_488bef122e4a_w1023_r1_s.jpg

Сёння раніцай Жалан Віё ў апошнім слове сказаў, што з павагай ставіцца да законаў як Францыі, так і любой краіны, дзе ступала ягоная нага. Ён сцвярджаў, што не меў намераў нашкодзіць Беларусі — патрон жа яму падарылі ў Польшчы як сувенір, ён лічыў яго муляжом (і адчуванне свабоды ён ніколі б не прамяняў на такі падарунак).

24-гадовы Жалан Віё быў затрыманы 21 верасня на памежным пераходзе Новая Гута (мытнік сказаў, што Віё аглядалі, бо барадаты) і абвінавачаны ў незаконнай перавозцы агнястрэльнай зброі (ч. 2 арт. 295 КК) і незаконным абарачэнні атрутных рэчываў (ч. 1 333-1 КК). Санкцыі паводле гэтых артыкулаў прадугледжваюць да 7 гадоў пазбаўлення волі.

17 лістапада прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачання Вольга Лашчанка папрасіла пакараць падсуднага штрафам у памеры 300 базавых велічыняў (6900 рублёў) і вызваліць на парукі. Пры гэтым прадстаўніца пракуратуры адзначыла, што віна іншаземца «цалкам даказаная».

У той жа час адвакат абвінавачванага Дзмітры Пяткевіч заявіў, што яго падабароннага неабходна апраўдаць, бо ніякіх доказаў віны няма, як і прамога намеру на злачынства (ды і двух месяцаў у СІЗА для Віё было дастаткова, каб быць больш уважлівым да заканадаўства).

Апроч таго, пры першапачатковых следчых дзеяннях не было перакладчыка, гэтым займаліся супрацоўнікі мытні. А, згодна з законам, гэтую функцыю мусіць выконваць незацікаўленая асоба.