ЕС паставіць вакцыны краінам «Усходняга партнёрства», але не Беларусі — Мінск перамовы не вядзе

Еўрасаюз мае намер паставіць краінам «Усходняга партнёрства» каля 1 млн. доз вакцыны ад каронавіруса. Аднак Беларусі ў гэтым спісе няма. Пра гэта польскаму агенцтву «PAP» распавёў еўракамісар па пытаннях добрасуседства і пашырэння Олівер Вархелі.

vakcina_koronavirus_720.jpg

Паводле слоў еўракамісара, вакцыны ў першую чаргу пойдуць працуючым у сферы аховы здароўя.

— Гаворка ідзе пра 530 тысяч медыцынскіх работнікаў у краінах «Усходняга партнёрства». Нам давядзецца даць ім дзве дозы, таму лёгка палічыць, што гэта больш за 1 мільён доз, — сказаў Верхалі.

Паводле яго слоў, пастаўкі пакуль тармозяцца з-за затрымкі паставак у ЕС вакцыны ад фармацэўтычнай кампаніі «AstraZeneca».

На пытанне, ці ёсць магчымасць падтрымаць Беларусь у пытанні паставак прэпарата, ён адказаў, што Еўракамісія ў цяперашні час не кантактуе з афіцыйным Мінскам.

— Было б складана даставіць вакцыну ў Беларусь, таму што ўрад у Мінску на гэты момант не вядзе з намі перамоў, — адзначыў ён.

У ініцыятыву «Усходняе партнёрства» ўваходзяць: Арменія, Азербайджан, Беларусь, Грузія, Малдова і Украіна.

Раней, нагадаем, магчымасць пастаўкі вакцыны ў Беларусь з Вархелі абмяркоўвала Святлана Ціханоўская. Як паведамлялася, бюджэт Еўрасаюза, выдзелены на дапамогу Беларусі, дазваляе арганізаваць гэтыя пастаўкі. Аднак для гэтага трэба згода беларускіх улад, і еўрапейскія чыноўнікі гатовыя былі весці перамовы пра гэта.

Паводле TUT.BY.