Польшча пачынае паэтапна згортваць эпідэміялагічны лакдаўн
Прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі разам з міністрам здароўя Адамам Нядзельскім прадставілі план размарозкі гаспадаркі на ўсёй тэрыторыі Польшчы на бліжэйшыя тыдні.
«Трэба захоўваць эластычнасць рэакцыі, калі сітуацыя з пандэміяй зноў пагоршыцца», — заявіў Матэўш Маравецкі. Таксама ён адзначыў, што Польшча мае адзін з самых нізкіх паказчыкаў беспрацоўя, але на захаванне працоўных месцаў было выдаткавана каля 200 мільярдаў злотых.
— Ужо з 1 траўня адновім правядзенне спартыўных мерапрыемстваў на свежым паветры, а таксама ў закрытых спартыўных аб’ектах і ў басейнах. З 4 траўня пачнуць працу ў санітарным рэжыме гандлёвыя галерэі, будаўнічыя і мэблевыя крамы. У школы вяртаюцца вучні 1-3 класаў. Пачнуць працу таксама мастацкія галерэі і музеі. З 8 траўня адкрыюцца гатэлі. З 15 траўня пачнуць працу рэстарацыі і кавярні, але толькі на свежым паветры.
З 29 траўня плануецца, што адукацыя пяройдзе на стацыянар. Таксама польская гастраномія зможа працаваць і ўнутры памяшканняў, дазволяць праводзіць вяселлі ці камуніі ў колькасці да 50 асоб. Кінатэатры і тэатры змогуць запаўняцца напалову, з абмежаваннямі будуць працаваць крытыя спартыўныя аб’екты, у тым ліку трэнажорныя залі.
Паводле апошніх даных, за суткі ў Польшчы было зафіксавана 8895 новых выпадкаў заражэння каронавірусам, памерлі 636 чалавек з COVID-19.
racyja.com