Дзяніс Івашын: я раскрыў тых, хто пабудаваў «рэстаран на костках»

Журналіст з Гродна Дзяніс Івашын, аўтар нашумелага артыкула «Знаёмцеся: гэта яны забудоўваюць Курапаты», што быў надрукаваны ў папяровай версіі і на нашым сайце, распавёў пра сваё расследванне.



Дзяніс Івашын

Дзяніс Івашын

Дзяніс Івашын лічыць гэты артыкул даследваннем, якое паказала новыя імёны людзей, датычных да пабудовы рэстарана “Паедзем паядзім” у Курапатах:

— Глыбокае даследаванне на падставе выкарыстання крыніц адкрытага доступу. Перад усім я пачаў даследаваць фірму «БелРэстІнвест», якая менавіта спрычынілася да пабудовы гэтага рэстарану на костках. Я пачаў менавіта з яе і высветліў, што палова належыць яшчэ іншай фірме, высветліў дзе яна месціцца, яе адрас. І такім чынам, па ланцужку выйшаў менавіта на групу кампаній, якая належыць даволі буйному бізнесоўцу: Ізраілевічу Аркадзю Львовічу.

На думку Дзяніса Івашына, пабудова рэстарана у ахоўнай зоне Курапатаў зроблена па карупцыйнай схеме.

— Пабудова гэтага рэстарану Бульбаш-Хол, якія потым перайменавалі ў «Паедзем Паядзім» цалкам магчыма звязаная з карупцыйным складнікам, бо будаўніцтва пачыналася ў другой палове 2000-х гадоў, і менавіта ў ахоўнай зоне вакол Курапатаў. На той момант ахоўная зона была 300 метраў у радыусе. Закон не мае адваротнай сілы, да таго ж былі пастановы і Генпракуратуры, і Міністэрства культуры спыніць незаконнае будаўніцтва, пакараць усіх вінаватых і гэты будынак знесці.

Артыкул Івашына у папяровай версіі “Новага Часу” жыхары Беларусі змогуць набыць ад сёння ва ўсіх шапіках Белсаюздруку, а таксама прачытаць на сайце.

Паводле Беларускае Радыё Рацыя