Дырэктар Віцебскага драмтэатра: Тэст на каранавірус у аднаго акцёра станоўчы

Адзін з акцёраў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа знаходзіцца ў рэанімацыі з пнеўманіяй.

vitebsk_pyat_prichin_20151026_mat_tut.by_phsl_19.jpg


У яго станоўчы тэст на каранавірус, паведаміў tut.by дырэктар установы Аляксандр Старых.

На просьбу пракаментаваць чуткі пра тое, што некалькі чалавек з калектыву тэатра захварэлі на каранавірус, Аляксандр Старых адказаў:

— На сённяшні дзень — гэта не некалькі, а адзін чалавек. У яго запаленне лёгкіх, знаходзіцца ў рэанімацыі. Тэст на каронавірус у яго паказаў станоўчы вынік. На бальнічным па стане на 30 сакавіка знаходзяцца 11 супрацоўнікаў тэатра. Ёсць запаленне лёгкіх, ёсць ВРЗ, ёсць ВРВІ — ва ўсіх розныя дыягназы. Але два, а магчыма, і тры супрацоўнікі ўжо заўтра выходзяць на працу.

Аляксандр Старых падкрэсліў: каранціну ў тэатры няма. Але ва ўстанове дзейнічаюць усе санітарныя меры прафiлактыкі: “Мы пастаянна трымаем сувязь з эпідэміёлагамі, выконваем усе іх рэкамендацыі”.

29 сакавіка адмянілі спектакль «Яшчэ раз пра каханне» паводле расказаў Васіля Шукшына, а 31 сакавіка не адбудзецца пастаноўка «Шукаем тэнара!» па п'есе Кена Людвіга, паведамляе сайт віцебскага драмтэатра.

Бліжэйшыя спектаклі на сцэне тэатра могуць адбыцца 21-22 красавіка — у гэтыя дні на гастролі ў Віцебск павінен прыехаць Камерны драматычны тэатр з Мінска, але іх могуць і адкласці. “Будзем тэлефанаваць з калегамі з Мінска, удакладняць, ці адбудуцца іх гастролі”, — сказаў Аляксандр Старых.

Паводле tut.by, www.zviazda.by