Дынько з-за кратаў: «Мы проста закладнікі ў палітычным гандлі»

«Прасторы для працы грамадзка-палітычных СМІ ў Беларусі не засталося», — заявіў Андрэй Дынько.

Фота belsat.eu

Фота belsat.eu

Тэлеграм-канал «Нашай Нівы» распаўсюдзіў паведамленне ад Андрэя Дынько, які знаходзіцца на Акрэсціна. Галоўнага рэдактара часопісаў «Наша гісторыя», «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» затрымалі 8 ліпеня, піша «Свабода».

«Упэўнены, што не толькі я, але і мае калегі не вінаватыя ні ў чым, і гэта стане ўсім відавочна. На маю думку, мы проста закладнікі ў палітычным гандлі, — лічыць Андрэй Дынько. — Тыя, хто робяць «Нашу гісторыю», рабілі тое, што мусілі, выконвалі свае працоўныя абавязкі. Наш агульны прынцып быў і ёсць: «Наша Ніва» не ўдзельнічае ў палітычных гульнях, а аб’ектыўна асвятляе працэсы, якія адбываюцца ў краіне і за мяжой.

Паводле журналіста, калі была справа Андрэевай і Чульцовай, справа Барысевіч, справа Tut. by, то кожны раз здавалася, што, магчыма, гэта разава.

Затрыманыя галоўны бухгальтар Вольга Раковіч, рэдактар часопісу «Наша гісторыя» і дзіцячых «Дуду» і «Асцярожна: дзеці!» Андрэй Дынько, галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч і кіраўнік аддзелу рэкламы і маркетынгу газеты Андрэй Скурко

«Здавалася, што гэта будзе выпраўлена, што журналісты выйдуць. Але зараз я са шкадаваннем канстатую, што прасторы для працы грамадска-палітычных СМІ ў Беларусі не засталося».

У ізалятары на Акрэсціна Андрэй Дынько знаходзіцца ў вельмі кепскіх умовах: няма матрацаў і падушак, бялізны. Увесь час у камеры гарыць святло. У такіх самых умовах знаходзяцца і астатнія затрыманыя нашаніўцы.

«Апынуўшыся па другі бок, я ўглядаюся, шукаючы сляды чалавечнасці ў людзях, якіх я сустракаю, — і такія ёсць, — перадае Андрэй. — Так выйшла, што мяне затрымалі ў дні, калі ў паветры нашых бароў стаіць адзін з маіх любімых водараў — чабор. І мне дагэтуль ён пахне».