Драўляную капліцу пачатку ХХ стагоддзя на могілках у Крычаве ператварылі ў сметніцу

Ужо не першы год драўлянае збудаванне культавага прызначэння выкарыстоўваецца як сметніца, піша «Магілёў. Media».

2_143_1.jpg

Ні мясцовая ўлада, ні праваслаўныя дзеячы Крычава не звяртаюць увагі на каплічку, хаця размешчана яна якраз на праваслаўных могілках, адзначае выданне. Для Крычава каплічка ўяўляе вялікую каштоўнасць, бо драўлянай архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя ў горадзе амаль не захавалася. 

Капліца, што была пабудавана сто гадоў таму, знаходзіцца ў старой частцы Крычава ў раёне пад назвай Забялышан. Прычым размешчана яна напасрэдна на тэрыторыі Забялышанскіх могілах, вядомых яшчэ з XVII стагоддзя.

Капліца ўяўляе сабой чатырохвугольную бярвенчатую канструкцыю з сасновага распілованага дрэва. У верхняй частцы чатырохскатнага даха ўмацаваны драўляны крыж. Некалі дах быў пакрыты гонтам (рэшткі яго можна пабачыць знутры), а зараз шыферам. Яшчэ з дзясятак год таму ў капліцы былі дзверы простай сталярскай работы, якія на сённяшні дзень выбітыя.

2_142_768x426.jpg

Зараз культавае драўлянае збудаванне занядбанае, па прызначэнні не выкарыстоўваецца. Унутры невялікая па плошчы каплічка завалена будаўнічым смеццем, бярвеннямі, пластыкавымі і шклянымі бутэлькамі з-пад алкагольных напояў.