Латвійская праваслаўная царква хоча выйсці з-пад апекі Масквы

Патрыярх Кірыл можа страціць паству з яшчэ 118 прыходаў.

big.photo.jpg


Латвійская царква звярнулася да Патрыярха Кірыла з просьбай аб аўтакефаліі. ЛПЦ — гэта памесная самакіраваная царква ў складзе Маскоўскага патрыярхату, яна налічвае 118 парафій. У верасні Сейм Латвіі змяніў закон, пастанавіўшы, што цяпер ЛПЦ юрыдычна незалежная ад якіх-небудзь царкоўных цэнтраў за межамі Латвіі, піша тэлеграм-канал «Можам патлумачыць».

Зварот да Патрыярха неабходны для таго, каб выхад з РПЦ быў кананічным і не лічыўся расколам. Латвійцы настроены рашуча і плануюць аддзяліцца ад РПЦ у самы бліжэйшы час.

Наколькі гэтае пытанне балючае для РПЦ, бачна па рэакцыі на запыт аб незалежнасці ад суседняй Віленска-Літоўскай епархіі. У траўні яна папрасіла даць ёй статус самакіравальнай царквы. Сінод РПЦ стварыў камісію па гэтым пытанні, яе ўзначаліў асабіста патрыярх Кірыл.

Тады некалькі святароў епархіі асудзілі вайну і перасталі згадваць у малітвах Кірыла, а мітрапаліт Віленскі і Літоўскі Інакенцій паводзіў сябе не занадта паслядоўна: у сакавіку ён асудзіў вайну, праз месяц адхіліў ад служэння святароў з антываеннай пазіцыяй, абвінаваціўшы іх у расколе, а ў канцы ліпеня падтрымаў унясенне Патрыярха Кірыла ў спіс непажаданых асоб.

Эстонская праваслаўная царква, якая ўваходзіць у склад РПЦ, у кастрычніку апублікавала адказ яе кіраўніка, мітрапаліта Яўгена (Рашэтнікава) на патрабаванне МУС асудзіць выказванні Патрыярха Кірыла пра вайну ва Украіне. Рашэтнікаў заявіў што ЭПЦ выступае супраць вайны, і асабіста мітрапаліт не падзяляе словы Патрыярха Кірыла, але згадаў пры гэтым, што эстонскія міністры прыгразілі клірыку пазбаўленнем яго часовага віду на жыхарства.

У склад Маскоўскага патрыярхату ўваходзяць таксама ўкраінская, малдаўская, японская, кітайская аўтаномныя цэрквы, руская праваслаўная царква з епархіямі і прыходамі ў многіх краінах Еўразіі і Амерыкі. Самай вялікай стратай для Масквы сталі шматлікія прыходы Украіны: сабор УПЦ Маскоўскага Патрыярхату ў траўні адкрыта асудзіў пазіцыю Патрыярха Кірыла, а святары УПЦ перасталі яго памінаць.