Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў пра Курапаты: «Не ўсё было зроблена так, як трэба»

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Вольга Палітыка выказала «Радыё Свабодзе» свой погляд на знос крыжоў у Курапатах.

d025ce23_9d7f_494e_9bf6_321e6b9a9303_w1023_r1_s.jpg

«Для мяне зразумела адно — калі гэтая падзея выклікала столькі супрацьлеглых выказванняў, — значыць, не ўсё было зроблена так, як трэба было б.

Магчыма, мэты ў выканаўцаў гэтай акцыі былі самі па сабе і добрыя — навесці парадак, пачысціць тэрыторыю, надаць ёй прывабны выгляд. Але пры выкананні любога рашэння абавязкова трэба ўлічваць думкі людзей, іх пачуцці, годнасць, нацыянальныя і, урэшце, рэлігійныя традыцыі беларусаў».

 

Што адбылося?

У Курапатах зранку 4 красавіка знеслі 70 крыжоў. Улады сцвярджаюць, што крыжы паставілі незаконна. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Наталля Эйсмант патлумачыла гэта распараджэннем Аляксандра Лукашэнкі.

Падчас прэс-канферэнцыі 1 сакавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Прывядзем у парадак Курапаты, каб дэманстрацыі з крыжамі па перыметры не было».

Сваё стаўленне да гэтай падзеі раней выказаў і дэпутат Варанецкі.

Валер Варанецкі напісаў у фэйсбуку, што ягонай першай рэакцыяй на знос крыжоў было «замяшанне, боль і трывога».

«Калі мы навучымся, як у народзе кажуць, паступаць па-людзку? Па-хрысціянску? Не абражаючы пачуццяў і годнасці адзін аднаго? Чаму за ўсе гэтыя гады мы не знайшлі час для шырокага грамадскага абмеркавання таго, якім бы мы хацелі бачыць гэтае сакральнае для нас, хто жыве, месца агульнай памяці, болю і пакаяння? А зараз спяшаемся... Навошта? І што ў выніку атрымаем?»

www.svaboda.org