Да пяці гадоў калоніі за прапановы па канстытуцыйнай рэформе
14 студзеня ў вёсцы Церуха на Гомельшчыне затрымалі 68-гадовага пенсіянера і былога сельскага дэпутата Мікалая Віцікава. Падставай для затрымання стаў ягоны ліст у раённую газету «Маяк» з нагоды абмеркавання зменаў у Канстытуцыю. Следчыя кваліфікавалі ліст пенсіянера па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса — распальванне сацыяльнай варожасці, а раёнка адрэагавала абразлівым артыкулам. Дзясятыя суткі пенсіянер утрымліваецца за кратамі ў гомельскім СІЗА-3, інфармацыі пра прад'яўленне абвінавачання ў родных няма.
Ператрус за тыдзень да арышту
Як распавяла дачка Мікалая, у вёсцы ён мае сваю гаспадарку. Працуе на зямлі, займаецца вырошчваннем расады, мае пасеку. З ператрусам да мужчыны прыйшлі яшчэ 6 студзеня. Следчыя шукалі "экстрэмізм і сімволіку", але ў выніку нічога не знайшлі. У пастанове на ператрус было пазначана, што Віцікаў «„нелицеприятно“ выказаўся пра Усебеларускі народны сход».
Акрамя гэтага, як распавялі "Св*бодзе" крыніцы, пенсіянер хацеў арганізаваць у вёсцы дыялогавую пляцоўку па абмеркаванні Канстытуцыі.
"Не ведаю, ці звязана гэта з ягоным затрыманнем, ці не. Ён чалавек з актыўнай пазіцыяй", — дадала крыніца.
14 студзеня Мікалая затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. Пазней яго перавялі ў статусе падазраванага па ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса ў гомельскі СІЗА-3. Па гэтым артыкуле мужчыну пагражае да пяці гадоў калоніі. На дадзены момант у родных Мікалая няма інфармацыі пра прад'яўленае яму абвінавачання.
Што было ў лісце ў раёнку "Маяк"?
Пра змест ліста Віцікава ў мясцовую раёнку вядома толькі са словаў яго знаёмых і з артыкула "«Минута славы» любой ценой", якім адрэагавала на сітуацыю, газета. Па словах знаёмых пенсіянера, ён яшчэ летась запісаў свае разважанні пра Усебеларускі народны сход, а сёлета вырашыў падзяліцца імі з рэдакцыяй раённай газеты "Маяк".
З артыкула мясцовай газеты вядома, што ліст Віцікава называўся "прапановамі па канстытуцыйнай рэформе".
"Творчасць" вяскоўца мае шмат стандартных беспадстаўных абвінавачанняў і абразаў прадстаўнікоў улады і самой дзяржаўнай сістэмы. А як па-іншаму ўспрымаць тое, што чалавек называе дзеючы дзяржаўны лад "лукашызмам", прыхільнікаў улады "ябацькамі", дзеянні праваахоўных органаў "зверствамі амапаўскіх вылюдкаў", — распавядаецца пра змест ліста ў раёнцы.
Як гаворыцца ў артыкуле, Усебеларускі народны сход Віцікаў параўнаў з "шабашам" і "гнайніком".
Раённая газета "Маяк" не стрымлівала сябе ў выразах у адрас пенсіянера. Ягоны ліст з прапановамі наконт праекту Канстытуцыі выданне назвала "падобным да кляўзы", а самога Віцікава — "правінцыйным інтэлігентам пенсійнага ўзросту", "сельскім правакатарам", які "разносіць свае пасквілі па ўсім раёне", пішуць праваабаронцы.