Чарговая справа за «Свіслацкі Фэст» у Брэсцкім абласным судзе
Грамадскі актывіст Яўген Скрабутан абскардзіў у Брэсцкі абласны суд пастанову суда Ленінскага раёна Брэста.
Нагадаем, 30 кастрычніка 2016 года грамадcкія актывісты з розных куткоў Беларусі прыехалі ў мястэчка Свіслач, каб ушанаваць памяць паўстанцаў 1863 года. Пазней на падставе міліцэйскіх пратаколаў удзельнікаў “Свіслацкага Фэсту” беларускія суды пачалі караць штрафамі.
29 снежня 2016 года Яўген Скрабутан таксама быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці адпаведна ч.1 арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь. Суд пакараў яго штрафам у памеры 5 базавых велічынь — 105 (сто пяць) рублёў нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Грамадскі актывіст лічыць пастанову суда незаконнай, неабгрунтаванай і падлягаючай адмене бо “…суд не змог устанавіць факту правядзення масавага мерапрыемства і абсалютна адвольна непісьменна трактаваў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.
Суд не толькі не ўстанавіў у адпаведнасці з артыкулам 2 Закону “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” факту правядзення 30 кастрычніка 2016 г. у Свіслачы мітынгу і шэсця, але нават не палічыў патрэбным гэта зрабіць…”
Разгляд справы прызначаны на 9:30 1 лютага 2017 года.
Брэсцкая вясна