Чорна-белы гонар... і акцыі салідарнасці ў Жодзіне (фотарэпартаж)
Акцыі салідарнасці са зняволеным праваабаронцам Алесем Бяляцкім і іншымі палітвязнямі Беларусі працягваліся ў Жодзіне 4 жніўня.
Актывісты грамадзянскай супольнасці і ПЦ "Вясна" выйшлі ў горад у чорна-белых цішотках з надпісам "Свабоду Алесю Бяляцкаму!". Яны ездзілі на роварах і гулялі па вуліцах пешшу, раздавалі жодзінцам інфармацыйныя матэрыялы пра зняволенага праваабаронцу, размаўлялі з людзьмі, якія задавалі пытанні ці ўдакладнялі абставіны, а таксама фатаграфаваліся...
Людзі ў абсалютна пераважнай большасці з разуменнем і спачуваннем успрымалі інфармацыю, некаторыя выказвалі аптымізм на хуткае вызваленне праваабаронцы. Іншыя — скрайне негатыўна казалі пра становішча ў краіне, пра неэфектыўнасць судовай сістэмы, розначытанні ў законах, рэпрэсіўна-карны апарат, які створаны рэжымам.
У горадзе не назіралася мінулагодняй павышанай актыўнасці міліцыі. Звычайныя нарады патрулявалі тэрыторыю гарадскога парку. Аніякіх затрыманняў і перашкодаў не было.
Фатаграфаванне каля часткі вялізнага чорна-белага надпісу, зробленага заўзятарамі Жодзінскага "Тарпеда" ўздоўж чыгункі Жодзіна-Паўднёвага "Чорна-белы гонар...", завяршылі асноўную частку дня салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі і Алесем Бяляцкім праваабаронцы Жодзіна. Вялікая колькасць пасажыраў з электрычак Мінск-Ворша ў 20.00 і Барысаў-Мінск крыху пазней маглі бачыць людзей у чорна-белых цішотках насупраць надпісу па-беларуску.
Алесь Лета, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Алеся Лапіцкага