Былы намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі Яўген Полудзень прыгавораны да 3,5 гадоў зняволення

Былы намеснік міністра ўнутраных спраў Беларусі — начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Яўген Полудзень прыгавораны да трох з паловай гадоў турэмнага зняволення. Такі прыгавор абвешчаны ў Беларускім ваенным судзе 25 сакавіка.



poluden_245.jpg

Працэс па справе былога высокага чыноўніка МУС праходзіў у закрытым рэжыме.


Яўген Полудзень абвінавачваўся ў злоўжыванні ўладай, перавышэнні ўлады і атрыманні хабару. Дзеянні былога намесніка кіраўніка МУС кваліфікаваныя паводле ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі), ч. 2 і 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў асобай, якая займае адказнае становішча) і ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару).


Высокі міліцэйскі чын быў затрыманы 8 снежня 2011 года. Праз тыдзень яму прад`явілі абвінавачанне паводле ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі). У лютым 2012 года ў дачыненні да Полудня была распачата другая крымінальная справа — па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў асобай, якая займае адказнае становішча). Абедзве справы аб`ядналі ў адну вытворчасць. Следства ўстанавіла, што Полудзень сістэматычна працяглы час атрымліваў ад службовых асоб органаў унутраных спраў матэрыяльныя каштоўнасці і грашовыя сродкі.
 


27 снежня 2011 года палкоўнік міліцыі Яўген Полудзень указам прэзідэнта быў вызвалены ад пасады намесніка міністра ўнутраных спраў — начальніка міліцыі грамадскай бяспекі і звольнены з органаў унутраных спраў у запас Узброеных сіл.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН