Былога праваабаронцу Андрэя Бандарэнку змясцілі ў ШЫЗА за спрэчку з турэмным начальствам
Андрэй Бандарэнка на 10 дзён апынуўся ў карцэры за спрэчку з адным з начальнікаў Шклоўскай калоніі, дзе ўтрымліваюць былога праваабаронцу.
Пра канфлікт распавёў бацька Бандарэнкі Валер, якому ўдалося ўбачыцца з сынам 11 сьнежня.
«17 снежня ў калоніі будзе суд, на якім Андрэя хутчэй за ўсё прысудзяць да турэмнага рэжыму. Сёння паехаў у калонію з заявай, каб мяне пусцілі на суд. Пакуль не далі адказу, але
нечакана дазволілі кароткую сустрэчу з сынам. Аказалася, ён цяпер ў ШЫЗА — гэтак называецца карцэр. Патрапіў туды пасля таго, як у нечым запярэчыў аднаму з намеснікаў начальніка калоніі.
Сядзіць зноў у адзіночцы, але ўжо ў іншым памяшканні і з больш жорсткім рэжымам, але пры гэтым на ўмовы ня скардзіцца і нават кажа, што кормяць нармальна», — распавёў пра сына
Валер Бандарэнка.
Бацька былога палітвязня таксама падзяліўся звесткамі пра тое, што скаргі, якія Андрэй Бандарэнка раней адпраўляў у Пракуратуру і Дэпартамэнт выканання пакаранняў МУС адносна ціску на яго ў
калоніі да адрасатаў не патрапілі. «Андрэй сказаў пра лёс сваіх скаргаў, што ніводная нават не выйшла з калоніі. У тым ліку скарга ў санстанцыю Шклоўскага раёну на дрэнную ваду ў калоніі.
Але адкуль у яго такія звесткі, ён не патлумачыў», — кажа Валер Бандарэнка.
Былы палітвязень, заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Платформа інавэшн» Андрэй Бандарэнка адбывае ў Шклоўскай калоніі тэрмін у 3 гады зняволення за злоснае хуліганства.
Сваю віну ў судзе Бандарэнка прызнаў часткова, пры гэтым не выключыў правакацыі спецслужбаў у адным з эпізодаў абвінавачання. Меркаванні беларускіх праваабаронцаў адносна справы Андрэя Бандарэнкі
падзяліліся. Частка былых калегаў Бандарэнкі лічаць, што ўлады адпомсцілі яму за праваабарончую дзейнасць і дамагаюцца прызнання яго палітвязнем і тэрміновага вызвалення. Праваабаронцы
«Вясны» кажуць, што прысуд Андрэю Бандарэнку адпавядае нормам, якія склаліся ў краіне. Пазней «Вясна» заявіла пра тое, што ціск на Андрэя Бандарэнку у калоніі
зьвязаны з ягонай дзейнасцю як праваабаронцы і запатрабавала ад адміністрацыі калоніі ў тым ліку стварыць яму нармальныя ўмовы адбыцця пакарання.
Паводле "Радыё Свабода"