Брэст. Штраф $ 550 за расклейванне абвестак на слупах
Жыхара Брэста цягам двух тыдняў двойчы прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці за расклейванне абвестак у неўсталяваных месцах.
Мужчына развешваў на слупах і вадасцёкавых трубах улёткі з рэкламай кампаніі «Хуткія грошы». Расклейванне абвестак у неўсталяваных для гэтага месцах цягне за сабой адміністрацыйную адказнасць паводле арт. 21.14. ч.2 КаАП РБ «Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў». Як аказалася, сам распаўсюднік улётак не з’яўляецца працаўніком арганізацыі, рэкламу якой распаўсюджваў.
Першае такое парушэнне за мужчынам заўважылі каля двух тыдняў таму. Удзень ён расклейваў абвесткі на слупах і вадасцёкавых трубах у раёне цэнтральнага рынка па вуліцы Пушкінскай. Мужчына патрапіў у поле зроку праваахоўных органаў, яго затрымалі яго і прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці, прызначыўшы 490 рублёў штрафу.
Праз тыдзень пасля гэтага здарэння іншы супрацоўнік праваахоўных органаў каля 22:00 на вуліцы Арджанікідзэ заўважыў чалавека, які расклейваў абвесткі на слупах. Парушальніка затрымалі. Высветлілася, што гэта той жа мужчына, якога ў мінулы раз ужо прыцягвалі да адказнасці. Другі штраф за парушэнне закона склаў 612,5 рублёў.
У выніку расклейванне абвестак аб працы ў кампаніі, у якой мужчына нават не працуе, абышлася яму ў 1102,5 рубля (каля $ 550).