Больш за 20 гадоў на дваіх. Стала вядома пра яшчэ адзін прысуд па сакрэтнай справе «Манкурты»
У Мінскім гарадскім судзе яшчэ 26 кастрычніка 2022 года вынеслі прысуд па так званай справе «Манкурты» Вользе Саламенік і Уладзіміру Трыфанаву. Пра гэта стала вядома праваабаронцам.
Абвінавачаных асудзілі паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса («Здрада дзяржаве») і ч. 2 арт. 295 КК («Незаконныя дзеянні ў адносінах да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў»).
Вольгу Саламенік асудзілі да 7,5 года калоніі, а Уладзіміра Трыфанава — да 14 гадоў калоніі.
Падрабязнасці справы невядомыя, бо працэс праходзіў у закрытым рэжыме,
а на самой крымінальнай справе — грыф сакрэтнасці. Але падрабязнасці затрымання
асуджаных вядомыя з прапагандысцкага фільма «Аперацыя КДБ
«Манкурты», які паказалі ў 2021 годзе. Справу разглядала суддзя
Валяціна Зенькевіч.
У 2021 годзе на тэлеканале АНТ паказалі фільм «Аперацыя КДБ «Манкурты», у якім паведамілі пра затрыманне падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча. Згодна з фільмам, Храловіч меў дачыненне да перадачы Сцяпану Пуцілу ў лістападзе 2020 аўдыяразмоваў прэс-сакратаркі Лукашэнкі Наталлі Эйсмант з рознымі службовымі асобамі.
Менавіта ў гэтых запісах вялася размова пра абставіны гібелі Рамана
Бандарэнкі. Таксама паведамлялася, што Аляксея затрымалі і далучылі да
аператыўнай гульні, каб выявіць шляхі эвакуцыі беларусаў, якіх могуць
пераследаваць па палітычных матывах. Паводле АНТ, сілавікі затрымалі Вячаслава
Сідаракіна, Юрыя Гаркача, Сяргея Старчанку, Уладзіміра Трыфанава і Вольгу
Саламенік.
У фільме Вольга
казала, што па просьбе Ігара Макара ёй трэба было «забраць нейкага
чалавека і дакументы». Прапагандысты распавялі, што ёй сказалі «забраць архіў КДБ і пераправіць яго ў Польшчу». Сыходзячы з фільма,
Вольга пасля затрымання супрацоўнічала з работнікамі КДБ і пад іх кантролем
камуніквала з Макарам. Паводле фільма АНТ, Уладзімір Трыфанаў — праваднік праз
беларуска-літоўскую мяжу, праз якую мусіў нелегальна перавесці Аляксея
Храловіча.
Вядома, што
Вольгу год утрымлівалі ў СІЗА КДБ, дзе яна трымала галадоўку. Потым яе перавялі
ў СІЗА-1.
«Яна была
зусім сівая. Яна доўга трымала галадоўку — яе нават кармілі праз вены на руках,
таму яны ў яе былі надзьмутыя, як лясныя карчакі. У Вольгі быў вялікі бізнес у
Гродне, але яна ўсё прадала і хацела набыць кватэру ў Грэцыі і з'ехаць. Але ўсё
гэта адбылося і яе схапілі. Дакументаў ніякіх на руках у яе не было, бо справа
была пад грыфам сакрэтнасці — «СС». Ёй нічога не выдавалі на рукі
наогул. З яе «падзельнікам» там вельмі дзіўная гісторыя», —
распавяла праваабаронцам жанчына, якая сустракалася з ёй у зняволенні.
Былога
падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча ў Мінскім гарадскім судзе 30 сакавіка 2022
года асудзілі да 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў
памеры 500 базавых велічыняў па ч. 2 арт. 356 Крымінальнага кодэкса («Здрада
дзяржаве, здзейсненая службовай асобай, якая займае адказнае становішча»).
24 лютага 2023
года Вольгу Саламенік і Уладзіміра Трыфанава ўнеслі ў «спіс
экстрэмістаў». Вядома, што жанчыну этапавалі ў гомельскую калонію № 4, а ў
якую калонію адправілі Уладзіміра — пакуль невядома.