«У палон браць нікога не будзем». Грымасы беларускай гісторыі
22 сакавіка 1943 года была знішчана Хатынь. Знішчана пасля партызанскай атакі на акупантаў побач з вёскай. Афіцыйная версія, дарэчы, не адмаўляе гэты факт. Такая была практыка ў акупантаў — за падобныя акцыі караць мірных жыхароў, якія мелі няшчасце жыць побач. Праз 80 гадоў гісторыя паўтараецца.
Кажуць, што 31 сакавіка хтосьці побач з Дзяржынскам ля шашы вывесіў сцягі Беларусі (гістарычны), Украіны і «Правага сектару» ці палка «Азоў» (сведкі не вельмі ўпэўнены). На ўзроўні тых жа чутак вядома ці то аб выбуховай прыладзе, ці то аб яе муляжы. У відэа з ТГ-каналаў тым не менш акрамя знаёмых рознакаляровых бусаў бачныя аўтамабілі сапёраў і хуткай дапамогі. Афіцыйных звестак аб гэтым здарэнні няма дагэтуль.
1 красавіка ў Дзяржынску ўвесь дзень ганялі шматлікія спецаўтамабілі (у народзе — «бусы»), рабіліся ператрусы, людзей затрымлівалі, у кайданках (а некаторых і з мяхамі на галаве) выводзілі з дамоў і везлі невядома куды. Штосьці нагадвае, не? Толькі потым пачалі з’яўляцца весткі, што кагосьці адпусцілі, хтосьці яшчэ сядзіць і г. д.
2 красавіка паляванне працягнулася. Афіцыйных звестак няма.
Варта таксама прыгадаць Мачулішчы. Тое ж самае адбылося і там. Гукі выбуху, блакаванне пасёлка, «хапун» усіх, хто трапляе пад руку, пакаранне «соднямі» на ўсялякі выпадак у прафілактычных мэтах. Потым зноўку «хапун» па нейкіх толькі карнікам вядомых прыкметах і зноўку «содні», турма і пагроза смяротнага пакарання тым, хто неяк адпавядае фантазіям карнікаў.
А ці мала было падобных падзей дагэтуль? Канечне ж, не! Мне распавядалі сябры, што пасля з’яўлення ў інтэрнэце відэа жанчын у чырвона-белым з чырвона-белымі ж парасонамі цягам гадзіны раёны былі літаральна ачэплены міліцыяй, і насельнікі «бусаў» нахабна ганялі па пад’ездах з дручкамі ў пошуках удзельніц і сведкаў. Кожны ведае не адзіны такі выпадак.
Мінула 80 год, але як падобны падзеі! Акцыя непадпарадкавання, карная аперацыя... Дзякуй Богу, што ніхто не загінуў. Пакуль.
Хтосьці скажа, што гэта такая тактыка ў даследаванні злачынстваў і правапарушэнняў. Ну, можа і так, але мне здаецца, што за 80 год павінна было штосьці змяніцца. Напрыклад, пачаць працаваць на раскрыццё парушэння, а не на запалохванне ўсіх навокал.
Але ж фраза кіраўніка КДБ І. Церцеля «мы, як сказаў глава дзяржавы, у палон браць нікога не будзем» не пакідае сумневаў. Гісторыя паўтараецца. І не трэба думаць, што нейкі бок не панясе стратаў. Перамогі без стратаў не бывае.