«Чым часцей перамагаеш экстрэмістаў, тым мацнейшымі становяцца тэрарыстычныя пагрозы»
Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» разважае, чаму ўсе «антытэрарэстычныя» і «супрацьэкстрэмісцкія» дзеянні беларускіх сілавікоў вось ужо больш за два гады не даюць ніякага выніку. І прыходзіць да высновы, што сэнс арыштаў — зусім у іншым.
Учора сёй-той даваў справаздачу перад куратарам з Масквы Сяргеем Нарышкіным. Ну а як? У саліднага чалавека — салідны куратар. Паведаміў, як ён змагаецца за саюзную бяспеку на падведамаснай тэрыторыі. І нешта мне падказвае, што гэта быў не самы прыемны даклад, хоць рыхтаваліся да яго ўсім дружным калектывам. З-за самалёта, з якім нічога не здарылася, арыштавалі трыццаць чалавек, а тых, каго арыштавалі ў Гродне і Дзяржынску, ніхто, мабыць, нават і не лічыў. Таму што чаго іх, памагатых, наогул лічыць?
Але ўсё роўна прыйшлося апраўдвацца за развіццё навукова-тэхнічнага прагрэсу і неверагодныя пагрозы. Таму што колькі ты памагатых і кватэраздаўцаў ні саджай, а самалёт гэтым назад не адрамантуеш. Як паказвае практыка, бяспека на падведамаснай тэрыторыі ад колькасці арыштаў не ўзрастае, а як бы нават і наадварот. Усё ж такі стужачкі зрэзаць было танней, чым рамантаваць самалёт. З якім нічога не здарылася, вядома.
Вось старэйшы хаўруснік, калі ў яго не атрымліваецца ваяваць, бамбіць мірныя гарады. А малодшы саюзнік бамбіць гарады пакуль не можа, таму што гэта негатыўна адаб'ецца на ходзе пасяўной кампаніі і выкананні планаў па нарошчванні тэмпаў росту ВУП. Таму замест бамбёжак даводзіцца абыходзіцца арыштамі.
Але, як вучыць нас дыялектычны матэрыялізм і беларускі КДБ, чым часцей перамагаеш экстрэмістаў, тым мацнейшымі становяцца тэрарыстычныя пагрозы. Вось вясна ніяк не можа пачацца, а ў беларускага КДБ ужо з усіх сіл абвастрыліся тэрарыстычныя пагрозы. І, што характэрна, лепш не будзе. Далей беларускі КДБ не абяцае нічога добрага, акрамя сур'ёзнай эскалацыі абстаноўкі ў рэгіёне.
А ў Міністэрства абароны, у адпаведнасці з ведамаснай сферай адказнасці, абвастрыліся ваенныя пагрозы. Таму яно вырашыла праверыць у сябе ўзровень баявой гатоўнасці па поўнай абароннай праграме. Паабяцалі, у выключна планавым парадку, зладзіць на нявызначаны тэрмін манеўры, абцяжараныя прызывам ваеннаабавязаных.
Я, праўда, сумняваюся, што гэты шкодны прывід атрымаецца выгнаць такімі непераканаўчымі замовамі. Таму што яго неяк вось не спалохалі нават «Іскандэры», якія плачуць. А колькі б «Іскандэры» ні плакалі, яны ўяўляюць сабой усё-ткі больш баяздольную адзінку, чым байцы беларускай вертыкальнай тэрабароны нават з падмацаваннем у выглядзе сельскагаспадарчых апалчэнняў. Прынамсі — тэарэтычна.
P.S. Ад сокалаў, якія скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу, і тое, можа, было б больш карысці.