Беларускі скульптар падаў у суд скаргу на КДБ

Скульптар і грамадскі дзеяч Гэнік Лойка падаў у суд на КДБ. Прычынай стала здарэнне, калі ў прыёмным пакоі КДБ супрацоўнік ведамства не змог адказаць наведніку на мове звароту.



loika_3254656745635748636435876dsc_0172.jpg

Фота Змітра Лупача

Супрацоўнік КДБ Сяргей Кайдуноў заявіў, што ён не валодае беларускай мовай.

— У нас у Беларусі немагчыма дабіцца ад дзяржавы беларускай мовы, дзяржава не дае беларускую мову — гэта парушэнне чацвёртага артыкула закона аб мовах. Шмат было такіх выпадкаў, калі я проста абмяжоўваўся якой-небудзь скаргай і ўсё. Але ў гэтым выпадку я паспрабаваў давесці ўсё да суда, прайшоў усе інстанцыі, напісаў двойчы кіраўніцтву КДБ, нарэшце вось падаў у суд, — кажа Гэнік Лойка.

Гэнік Лойка ў сваёй судовай скарзе просіць прызнаць дзеянні юрыдычнай асобы Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь — па адмове ў карыстанні дзяржаўнай беларускай мовай — незаконнымі. Абавязаць КДБ прыняць меры дысцыплінарнага ўздзеяння да свайго супрацоўніка ажно да звальнення з пасады.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя