Беларускі нацыяналізм перад выбарам
«Жыццё за цара» — так у арыгінале называлася опера Глінкі «Іван Сусанін». Учора можна было пераназваць — «Жыццё за генсека», сёння — «Жыццё за прэзідэнта». Сутнасць не зменіцца.
У Расеі лібэральныя і дэмакратычныя павевы заўсёды заставаліся толькі павевамі. Павеюць і перастануць. «Люди служивые», «народ государев» там адвеку жыў для дзяржавы, для начальства, для цара. Ніяк не наадварот. Гэта ў нас яшчэ Каліноўскі апратэстоўваў: не народ для ўраду, а ўрад для народу. Пратэст быў пакараны жорстка.
Барбарская сыстэма гвалту над асобай прыйшла да нас з Расеі дзьвесьце гадоў таму і запанавала. Кароткі пробліск у 1990-я быў ужо ў расейскім стылі — павевам. Павеяў і перастаў. Усё вярнулася. Мы ўсе існуем толькі для таго, каб пры ўладзе заставаўся Лукашэнка. Ніякай іншай мэты, ніякай іншай будучыні ў нацыі няма. Ніякай іншай ідэалёгіі ў РБ пры гэтай уладзе быць ня можа.
Цяпер у Маскве папулярная думка пра тое, што правы чалавека для Расеі не падыходзяць, не пасуюць расейскай мэнтальнасьці. Тваё права на жыцьцё, на выказваньне сваіх думак, на перамяшчэньне, на ўласнасьць… твайму мэнталітэту ўсё гэта не пасуе. Калі гэта не пасуе дзяржаве ці Пуціну, усім гэтым можна, а нават трэба паступіцца. І так на працягу ўсёй расейскай гісторыі. Культ начальніка, беднасьці, жалезнай заслоны («граница на замке»), сьмерці ўрэшце — гэта Расеі пасуе. Культ вайны. І ўсё гэтае дзікунства людзі самі для сябе апраўдвалі і апраўдваюць тым, што мы добрыя, а нехта дрэнны. Дзіву даесься, як жалезабэтонна спрацоўвае гэтае апраўданьне. Хоць, калі ўдумацца, чым «мы» такія ўжо добрыя (калі адкінуць усякія бздуры кшталту ультрадухоўнасьці пры павальным п’янстве і звышдушэўнасьці пры неверагодна жорсткім абыходжаньні аднаго з адным), а «яны» такія ўжо дрэнныя, дык апраўданьне вайны разьвеецца як дым.
Расейскія тэлеканалы захоплена паведамляюць, што кліп «Я русский оккупант» на ютубе паглядзелі тры мільёны чалавек. Кліп — пра доблесьць расейскага начальства і расейскай дзяржавы. «Мы ваюем лепш за ўсіх». Што да «маленькага чалавека», дык яму на вайне падрыхтаваная роля гарматнага мяса, як гэта і было спрадвеку. Абы толькі ён не задумваўся пра гэта. Асабліва пра свае правы чалавека.
Кліп, у якім расейскі поп заклікае адумацца, бо калі мы дапускаем магчымасьць вайны, дык яна абавязкова ўзьнікне (ёсьць і такое), паглядзела зусім няшмат наведнікаў. Бо там задумацца трэба. І тэлеканалы пра яго не паведамілі.
Беларусь знаходзіцца ў полі расейскай прапаганды, і людзі часьцяком падзяляюць гнеў расейцаў на Эўропу, чытай, на лібэралізм і дэмакратыю, чытай, на правы чалавека. І ў нас часьцяком пачуеш, што гэта ўсё не для нас. Цэлая плынь у беларускім нацыяналізьме падзяляе такі сьветапогляд. Яны, быццам самыя заўзятыя крытыкі расейскай экспансіі, сёньня па сутнасьці сталі водгульлем «русского мира», бо водападзел прайшоў не па мяжы, не па нацыянальнасьці і нават не па мове, а па адносінах чалавека і дзяржавы.
Асабіста для мяне за гады сфармаваўся такі маркер. Калі я сустракаю дзе-небудзь у Эўропе эмігранта з былога СССР і ён на чым сьвет кляне гэтую самую Эўропу, я магу з пэўнасьцю сказаць, што ён з Расеі. Не з Балтыі ці Каўказу, не зь Беларусі ці Ўкраіны, а менавіта з Расеі. Гэта спэцыфічная рыса расейскага чалавека, думаю, спадчына таго, што Расея ніколі не была часткай эўрапейскай цывілізацыі. Неяк недарэчна сустракаць сярод такіх беларусаў. Тым больш нацыяналістаў.
Мяркую, што мінулы год стаў для беларускага нацыяналізму рубіконам. Выбар пралёг паміж Эўропай, лібэральнымі каштоўнасьцямі і правамі чалавека з аднаго боку і «русским миром», а калі дакладна — «русской войной» — з другога. Інакш кажучы: паміж цывілізацыяй і барбарствам. Беларускі нацыяналізм проста ня можа быць ваяўнічым, бо ён зараз жа ператвараецца ў «русский мир». Беларускі нацыяналізм можа быць толькі нацыяналізмам эўрапейскага выбару. Чагосьці трэцяга проста ня дадзена.