Бясплатная паслуга дзённага догляду пажылых з'явіцца ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці
Бясплатную паслугу дзённага догляду пажылых людзей плануецца ўкараніць да канца бягучага года ва ўсіх раёнах Мінскай вобласці на базе тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН).
Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік упраўлення дзяржаўнай і сацыяльнай падтрымкі і сацыяльнага абслугоўвання камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Марына Гурчанка.
У цяперашні час магчымасць скарыстацца паслугай дзённага догляду прадастаўляюць тры ТЦСАН: у Стаўбцоўскім і Уздзенскім раёнах такая паслуга з'явілася ў сярэдзіне 2015 года, а ў Лагойскім раёне — у лютым бягучага года.
"У аддзяленне дзённага знаходжання прымаюцца людзі сталага ўзросту, якія захавалі (цалкам або часткова) здольнасць да самаабслугоўвання і перамяшчэнню. Увесь дзень яны знаходзяцца пад наглядам спецыялістаў, могуць (пры жаданні) наведваць гурткі і клубы па інтарэсах, заняткі па лячэбнай фізкультуры, якія дзейнічаюць у цэнтрах", — адзначыла Марына Гурчанка.
Паводле яе слоў, рашэнне аб укараненні паслугі да канца 2016 года ў тэрытарыяльных цэнтрах замацавана рашэннем калегіі камітэта па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама. У Мінскай вобласці працуюць 23 ТЦСАН. Іх дзейнасць накіравана на аказанне сацыяльных паслуг грамадзянам, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.