Бяляцкі: Калі наступаюць на балючы мазоль, людзі пачынаюць супраціўляцца адчайна

10 снежня адзначаецца Сусветны дзень правоў чалавека. Сёлета споўнілася 70 гадоў Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека. Яе зацвердзіла Генеральная Асамблея Арганiзацыi Аб’яднаных Нацый 10 снежня ў 1948 годзе.



dsc00098.jpg

Дакумент перакладзены больш чым на 370 моваў і дыялектаў свету.

Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека падпісалі ўсе чальцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Гэта — 193 краіны.

Як кажа кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі, у Беларусі за апошнія 25 гадоў у сферы правоў чалавека мала што змянілася. На жаль, агульная сітуацыя застаецца кепскай і ніякіх прарываў тут няма.

— Мы сутыкаемся ўвесь час з тым, што дзяржава спрабуе абмежаваць правы чалавека, канкрэтных грамадзянаў. І гэта самыя разнастайныя правы, не толькі грамадска-палітычныя. Гэта сацыяльныя правы.

Мінулы год выразна паказаў, што акцыі пратэсту, якія прайшлі супраць “дэкрэту аб дармаедах”, паказалі, што значная большасць людзей пачынае рэагаваць на парушэнне іх правоў: і сацыяльных, і эканамічных, і экалагічных. Відавочна, што калі людзям наступаюць на балючы мазоль, людзі пачынаюць супраціўляцца адчайна.

Беларускі праваабарончы рух фармальна пачаўся напрыканцы 1980-х, калі быў створаны “Мартыралёг Беларусі”. Але значная частка грамадскіх праваабарончых арганізацый утварылася ў сярэдзіне 1990-х. Сярод іх “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі камітэт, “Праваабарончы альянс”ды іншыя.

Цяпер большасць з  іх Міністэрства юстыцыі пазбавіла рэгістрацыі.


 Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя