Беларусы заклікаюць вызваліць палітвязня з ментальным разладам
Беларусы заклікаюць вызваліць палітвязня з ментальным разладам Дзмітрыя Гопту. Для гэтага на change.org стварылі петыцыю.
Раней мама жыхара Жлобіна Вольга Гопта звярнулася ў Камісію па пытаннях памілавання пры прэзідэнце Беларусі. Пакуль без адказу.
Суддзя Ірына Прадун суда Жлобінскага раёна вынесла маладому чалавеку прысуд па 342 і 364 артыкулах, нібыта ён удзельнічаў у мітынгу і кідаў камяні ў міліцыянтаў і аўтазакі. Ён павінен правесці ў калоніі 2 гады.
Экспертыза прыйшла да высновы, што, нягледзячы на паводніцкія праблемы, хлопец можа адказваць за свае дзеянні — і таму павінен несці крымінальнае пакаранне.
У Дзмітрыя разумовая адсталасць, дыягназ F70.1 (згодна з МКБ-10, гэта «значнае парушэнне паводзін, якое патрабуе догляду і лячэння»). 21 год гэты догляд хлопцу забяспечвалі родныя.
Міліцыянты, якія выступалі ў судовым працэсе ў ролі пацярпелых, сказалі, што ніякіх пашкоджанняў не атрымалі.
Ніякіх відэа - і фотадоказаў таго, што Зміцер рабіў тое, у чым яго абвінавачвалі, таксама ў судзе не было.
Абвінавачанне было пабудавана на прызнальных паказаннях Дзмітрыя.
Цяпер Зміцер адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі №3 Упраўлення ДВП МУС Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці.
Да самастойнага жыцця Зміцер не прыстасаваны і мае патрэбу ў пастаяннай апецы і доглядзе. Па словах маці, у яго пастаянныя энурэзы і спецыфіка паводзін падчас прыёму ежы.
У асабістым паручыцельстве Вольга Гопта прымае на сябе абавязацельствы, што, знаходзячыся на волі, Зміцер не будзе займацца злачыннай дзейнасцю, будзе выконваць усе прадпісанні крымінальна-выканаўчай інспекцыі тэрытарыяльных органаў унутраных спраў па наглядзе за асуджанымі, пражываць будзе па сваім месцы жыхарства, садзейнічаць у працаўладкаванні яго, прымаць усе магчымыя меры, каб ён вярнуўся да нармальнага жыцця.