Беларускія пратэсты: расклад на зімовы перыяд
Магчыма, улады разлічваюць, што псіхалагічная стома, пандэмія і ўзмоцненыя рэпрэсіі спыняць рэгулярныя акцыі пратэсту. А значыць, «сілавікі» змогуць адпачыць і «залізаць раны». Але, хутчэй за ўсё, да традыцыйных нядзельных маршаў дададуцца новыя формы пратэсту, якія зробяць больш складаным масавы «хапун» мірных грамадзянаў, піша Севярын Квяткоўскі ў блогу на «Радыё Свабода».
![ ](/img/v1/images/img_3493_logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пратэст як Шлях
У беларускага рэвалюцыйнага працэсу ёсць мэта — змена сістэмы. Але няма канкрэтных задач — кшталту «захапіць масты, тэлеграф і вакзалы».
Беларускае паўстанне — гэта шлях, бо, змяняючы сістэму, змяняюцца самі людзі. Калі казаць пра вонкавыя праявы пратэсту, то ў ахопленай пратэстамі Беларусі 2020 года нарадзілася сваё ноў-хаў — акцыі ў мікрараёнах. Сутнасць у тым, што ў ХХІ ст. захопліваць цэнтр гораду зусім не абавязкова. Сімвалізм пратэсту ў самім пратэсце, і карцінка, якая адлюстроўвае сімвал, разносіцца па сацсетках і тэлеграм-каналах імгненна.
Пратэст у мікрараёнах як ноў-хаў
Ноў-хаў з мікрараёнамі і дварамі да канца не ацэненае самімі беларусамі. Бо на самым пачатку пратэставага руху грамадству было вельмі важна прадэманстраваць самому сабе колькасць людзей. І калі грамадзяне ўбачылі сотні тысяч пратэстоўцаў па ўсёй Беларусі, то адбыўся псіхалагічны пералом. Бо ўсе ведаюць, што колькасць на вуліцах трэба памнажаць мінімум на дзесяць, каб уявіць усіх пратэстава настроеных.
«Я ўпершыню стаўся / сталася часткай большасці грамадства» — гэты матыў гучыць у многіх выказваннях людзей, і, мяркую, адчуванне большасці дае тыя самыя невераемныя сілы ісці супраць гумовых куляў і святлашумавых гранатаў, ведаючы, што можна трапіць пад крымінальны пераслед.
Перафарматаванне пратэсту
У канцы жніўня падавалася, што ўладныя эліты мусяць убачыць, што Лукашэнка як палітык выйшаў на фінішную прамую, а таму, каб зберагчы сістэму, варта яго адхіліць ад улады. Але эліты вырашылі: «няхай ідзе як ідзе». Праз тры месяцы супрацьстаянне грамадзян з Лукашэнкам перайшло ў стадыю пажару на тарфяніку, то бок, ні вайны, ні міру. А такі стан можа цягнуцца досыць доўга. Таму пратэсты, хутчэй за ўсё, чакае перафарматаванне.
У Тэлеграме стварылі каналы пад агульнай шапкай «Глаза Минска». Чатыры асобныя чаты па геаграфіі беларускай сталіцы: поўнач, поўдзень, захад і ўсход. Там валанцёры ў рэжыме нон-стоп публікуюць звесткі пра перасоўванне «сілавікоў», найперш у мікрараёнах, дзе рэгулярна ладзяцца ланцугі салідарнасці, міні-шэсці і проста дваровыя імпрэзы.
З перапісак у дваровых чатах я раблю выснову, што на зімовы перыяд рыхтуюцца альтэрнатывы нядзельным маршам. Мэта — зменшыць магчымасці для масавых хапуноў. А таксама зрабіць задачы «сілавікоў» цяжкавыканальнымі. Адна справа — у цэнтры сканцэнтравацца, іншая — бегаць па расцярушаным пратэсце ў двухмільённым горадзе.
Лідарства пратэсту на сімвалічным узроўні
Яшчэ з прачытанага ў сацсетках я заўважыў, што людзі ўсё больш разумеюць, што галоўны супраціў адбываецца «на месцах»: там, дзе грамадзянін у штодзённым жыцці сутыкаецца з дзяржаўнай машынай.
А яшчэ гучыць ухваленне нядаўняга закліку Святланы Ціханоўскай да ўсебеларускага страйку.
Прынцып «тысяча па тысячы» — тысяча акцый па тысячы чалавек кожная — тактычна ўдалы падыход. І трываць ён можа таксама доўга. Але.
Калі б у рэвалюцыйнага працэсу з'явіўся ачольнік ці ачольніца, хай сабе і сімвалічны, пратэставы рух атрымаў бы другое дыханне.