Бацькі запісалі відэазварот, каб мульцік пра свінку Пепу выйшаў па-беларуску
«Мы чакаем беларускую "Свінку Пепу"! Падтрымлівайце, каб нашы дзеці былі сапраўднымі беларусамі!» — заклікае ў відэароліку шматдзетная сям’я актораў Харланчукоў-Южаковых.
Такім чынам некалькі беларускіх сем’яў падтрымліваюць праект перакладу і агучвання па-беларуску папулярнага мультсерыялу для самых маленькіх.
Пра ініцыятыву распавядае кіраўнік адзінага прафесійнага аб’яднання агучвання на беларускую мову «КінаКонг» Андрэй Кім:
«Сама ідэя з'явілася, бо вялікая колькасць маладых беларускамоўных бацькоў кажуць, што няма мульцікаў па-беларуску для самых маленькіх дзетак. Менавіта ў той час,
калі фармуецца маўленне, калі дзеткі вучаць словы, крытычна нестае бацькам матэрыялу, — кажа Кім. — Такіх бацькоўскіх просьбаў было шмат,
і мы вырашылі агучыць нейкі мульцік. Зрабілі апытанку ў інтэрнэце, і бацькі абралі менавіта гэты серыял».
Грошы на тое, каб дзеткі пабачылі прыгоды любімай гераіні на роднай мове, збіраюць краўдфандынгам (прыватнымі ахвяраваннямі) праз рэсурс talaka.by. На пераклад першага сезону, а гэта 50 серыяў, трэба 37 з паловай мільёнаў рублёў. Цяпер сабрана каля 80% гэтай сумы. У краўдфандынгу паўдзельнічала 70 чалавек.
«Калі мы збяром больш грошай, то больш і агучым», — абяцае Андрэй Кім.
Дзве пілотныя серыі пра беларускамоўную «Свінку Пепу» можна ўжо паглядзець на youtube-канале «Кінаконг — кіно па-беларуску».
Там жа можна будзе паглядзець і новыя серыі.
«Праваўладальнік дазваляе распаўсюджваць серыял праз youtube, пры ўмове, што грошы ад прагляду ідуць яму. Нас гэта цалкам задавальняе. Мы будзем выкладваць серыял на youtube у адкрыты доступ, каб усе маглі паглядзець», — тлумачыць Кім.
Агучваць мульцік будуць вядомыя і любімыя акторы Ганна Хітрык і Уладзімер Глотаў:
«Яны самі маладыя бацькі і таксама хацелі, каб гэты серыял з'явіўся па-беларуску», — кажа Кім.
Андрэй Кім называе гэты праект сацыяльна значным і ўпэўнены, што ў яго ёсць перспектывы:
«Гэта прынцыповае пытанне для ўсіх — на якой мове будуць размаўляць нашы дзеці, — кажа Андрэй Кім. — Дзеля гэтага Аляксей Шэін напісаў кнігу „Сем камянёў“, а Глеб Лабадзенка выпускае „Дзіцячыя заМовы“. Гэта ўнёсак у будучыню нашых дзяцей».
Свінка Пепа (Peppa Pig) — брытанскі анімаваны серыял для самых маленькіх, які распавядае пра цікаўную свінку і яе прыгоды. Рэжысёр і прадусар — Эстлі Бэйкер Дэйвіс. Серыял пачаў выходзіць у 2004 годзе.