Беларусы і ўкраінцы: давайце знаёміцца!

Дзіўна казаць, што нешта адбылося «дзякуючы вайне», але здарылася менавіта так — праз вайну Беларусь зблізілася з Украінай. Украінцы, аглядаючыся вакол у пошуках сяброў, таксама звярнулі ўвагу на беларусаў.



buhaj_2.jpg

Хаця на сённяшні дзень, як заўважае найлепшы сябра беларусаў у Кіеве, Паўло Зуб'юк, беларусы ведаюць пра нас, украінцаў, не болей, чым, напрыклад, пра малдаванаў ці эстонцаў.

 

Жахліва, што нас зблізіла такая нагода, але каштоўнасці збліжэння гэта не адмяняе. Гаворка не пра кантакты на палітычным узроўні, у іх заўжды шмат крывадушша, а пра нізавыя сувязі — на ўзроўні добраахвотнікаў, валанцёраў, ахвярадаўцаў і г.д. У гэтым выпадку — пра сувязі цалкам мірныя, пра ўзаемную культурніцкую цікавасць.

 

ales_mazan_k.jpg

Алесь Мазанік

 

Нагоду адысці ад змрочнай ваеннай тэматыкі мне даў Алесь Мазанік, упершыню прыехаўшы ва Украіну, каб правесці тут сваё «Шоў Беларушчыны», ужо даволі добра вядомае ў нашай краіне. Дакладней, першапачаткова Алесь прыехаў падтрымаць сваю сяброўку, Наталку Белазёраву, якая мелася выступіць на танцавальным конкурсе «Танцюють всі» з беларускім народным танцам ва ўласнай пастаноўцы. І каб не марнаваць час, ён у дадатак зладзіў у Кіеве вечарыну, падчас якой цікаўныя маглі пачаць ці працягнуць сваё знаёмства з Беларуссю ў форме віктарыны. За правільныя адказы ўдзельнікі атрымлівалі ці то дыскі з фільмамі або музыкай па-беларуску, ці то беларускія сувеніры. Асноўную частку гасцей вечарыны склалі наведнікі «Беларускага размоўнага клубу».

 

Украінцы бліжэй да Еўропы за беларусаў

 

З Алесем Мазанікам мы пагутарылі пра яго першыя ўражанні ад Украіны.  

 

— Алесь, калі забыцца на несумленнае ўжыванне гэтага слова ў палітычных мэтах, Украіна нам брацкая?

 

— Так атрымалася, што раней я ездзіў то ў Смаленск, то ў Вільню, то ў Беласток, але да Украіны не даязджаў. Я тут усяго суткі. І за гэты час я адчуў, па-першае, агромністую розніцу з Польшчай, якая зусім побач, адначасова вялікую розніцу з Расіяй, а разам з гэтым блізкасць да Беларусі. Цяпер я разумею, што буду прыязджаць сюды нават часцей, чым у Вільню. Тутэйшыя людзі ў зносінах, напрыклад, такія ж прыемныя і простыя. Трэба спыніцца недзе на два дні? Калі ласка, кажа кіеўская знаёмая, з раніцы будзеш сыходзіць, вось табе ключы, няма пытанняў. Ды няёмка неяк, кажу я. А што няёмка, я калі ў Беларусі была, адказвае яна, мяне гэтак жа прымалі. Тут можна адчуваць сябе як дома. Натуральна, не забываючыся, што ты ў гасцях. Пра гэта і не забудзеш, бо краіна ўсё-ткі іншая.  

 

— Чым яна іншая?   

 

 Мяне троху бянтэжыць камерцыялізацыя тэмы Майдану і нават вайны на Данбасе. У пэўным сэнсе тут, у Кіеве, гэта стала таварам. Мне здаецца, што беларусам не ўласцівы такі падыход. Але галоўнае адрозненне — гэта мова, моўнае пытанне. Украінская мова жыве і цалкам нармальна пачуваецца нават у збольшага рускамоўным асяроддзі, нідзе праз мову не ўзнікае праблемаў.

 

— Многіх беларусаў, у тым ліку тых, што вельмі прыязна ставяцца да Украіны, шакуе тут адсутнасць беларускага парадку.

 

— Нават калі не браць Смаленск, каб не сказалі, што вы з «клятымі маскалямі» вечна параўноўваеце, а ўзяць Вільню і Трокі ці Беласток і Варшаву, там таксама няма беларускага парадку. Так, часам тое коле вока. Аднак пры тым, што там можа быць бруднавата і шурпата, якасць сервісу будзе істотна вышэйшай за беларускую. Людзі ў гэтым не вельмі дасканалым асяроддзі будуць вальнейшымі і больш радаснымі! Наша ўлада, падобна, упэўненая, што «чысціня — залог здароўя», і ад яе ўсё будзе, чысціня стала іх навязлівай ідэяй, але гэта памылковае меркаванне. Я б сказаў, што часам у нашым звышпарадку ёсць нейкая бяздушнасць і застыласць, то бок, як ні парадаксальна прагучыць, знак адсутнасці развіцця.

 

— Тым не менш, часта можна пачуць, як і ўкраінцы, і не толькі яны, адгукаюцца пра наш парадак з зайздрасцю, лічачы, што ім варта было б у нас павучыцца.

 

 Калі мець на ўвазе толькі чысціню і дагледжанасць, а не беларускі парадак у палітычным сэнсе, у іх саміх нічога кепскага няма, можна і павучыцца. У сваю чаргу, я б хацеў, каб мы павучыліся ва ўкраінцаў салідарнасці і разуменню такой нібыта простай рэчы, што «краіна пачынаецца з цябе». Яно ў іх ёсць адносна значна больш важных рэчаў. І гэта робіць іх значна бліжэйшымі да Еўропы за нас з нашай чысцінёй.

 

— Выглядае на тое, што нам варта было б трымацца разам, асабліва ў гэтыя часы. Ёсць чаму павучыцца адно ў аднаго.

 

— Часы, як казала актрыса Таццяна Мархель, заўсёды былі храновымі. А трымацца разам, безумоўна, варта, зважаючы і на нашу агульную спадчыну, бо мы былі разам у Вялікім Княстве Літоўскім, і на агульныя задачы сённяшняга дня. Трэба наладжваць больш сувязяў і кантактаў. Чаму я і спрыяю праз правядзенне беларускай вечарыны ў Кіеве. Хто можа зрабіць болей і лепей, хай робіць.

 

«Тражык» і беларускае мора

 

Стваральнік «Беларускага размоўнага клуба», які ўжо колькі гадоў стала збіраецца ў Кіеве, Дэйка Бугай, чысты ўкраінец, ніякіх беларускіх каранёў у яго няма. Калісьці, расказвае ён, на яго паказвалі пальцам, як на «таго самага хлопца, які размаўляе па-беларуску». Цяпер ён ужо даўно не адзін, чым вельмі ўсцешаны.

 

bugaj_3.jpg

Дэйка Бугай

 

— Дэйка, раскажы, як ты пачаў цікавіцца мовай, якая многім беларусам зусім нецікавая.

 

— На мой погляд, не цікавяцца людзі нецікаўныя і, мабыць, не вельмі цікавыя. Многія ўкраінцы не цікавяцца ўкраінскай мовай. Мяне шмат чаго цікавіць у жыцці, зацікавіла і беларуская мова.

 

— Ну а ўсё ж, чаму?

 

 Спачатку мяне зацікавіла ўкраінская мова, потым — мовы да яе падобныя. А самая падобная да ўкраінскай, уласна, беларуская мова. І яшчэ мяне падштурхнула тое, што мы ведалі пра Польшчу, вельмі шмат ведалі пра Расію, натуральна, нешта пра Амерыку, Францыю і г.д., а пра Беларусь — зусім нічога. Зрэдку сякая-такая інфармацыя прабівалася, памятаю нейкую перадачу пра гонкі беларускіх трактароў на тэлебачанні, яшчэ нешта дробязнае, і на гэтым усё. Беларусь мяне зацікавіла сваёй блізкасцю і адначасова малавядомасцю. Моцным штуршком да вывучэння беларускай стала інтэрв'ю Лявона Вольскага на ўкраінскім радыё. Ён адказваў па-беларуску, і тады я адчуў, наколькі беларуская мова зразумелая, цікавая і прыгожая. Пасля інтэрв'ю я пачаў шукаць музыку «N.R.M.», іншую беларускую музыку. Да развіцця інтэрнэту гэты працэс адбываўся павольна, са з'яўленнем сеціва ён вельмі паскорыўся.

 

— Дарэчы, чаму так атрымалася, што беларусы і ўкраінцы мала ведаюць адно аднаго?

 

— Мяркую, гэта спадчына савецкіх часоў. Нібыта «дружбы народов надёжный оплот», а на самай справе сувязі былі выбудаваныя вертыкальным чынам. Усе кантакты Мінску, гаспадарчыя, культурніцкія, любыя, як і Кіева, былі цэнтралізавана завязаныя на Маскву. Гарызантальнага супрацоўніцтва паміж рэспублікамі было вобмаль. А ў дзевяностыя гады сітуацыя яшчэ і пагоршылася, бо ўвогуле стала не да таго.

 

— Калі ты сам упершыню пачаў размаўляць па-беларуску?

 

— Самы першы раз я цэлы дзень размаўляў па-беларуску ў 2007 годзе, на музычным фестывалі. Спачатку гэта быў сапраўдны шок! У мяне ўсе мышцы твару балелі, бо мова хоць і падобная, але фанетыка вельмі розная. З цягам часу ў мяне маўленчы апарат «беларусізаваўся». Пасля паездкі ў этнаграфічную экспедыцыю па Гомельшчыне, пасля чаго была паездка ў Мінск, а ўвесь час я ў Беларусі размаўляў па-беларуску, я паехаў у Львоў, і раптам мае суразмоўцы пачалі заўважаць, што я дзіўнавата размаўляю ўкраінскай, неяк не так.

 

— А як прыйшла ідэя стварыць клуб?

 

— Я напісаў быў на сваёй старонцы УКантакце, што ведаю беларускую мову. Да мяне пастукалася дзяўчына з пытаннямі — што ды як, дзе я вывучыў беларускую і ці ёсць курсы беларускай у Кіеве. Ну якія там курсы беларускай, ты што. І тады ў мяне з'явілася ідэя стварыць размоўны клуб, каб практыкаваць вымаўленне. Але я не быў упэўнены, што тое камусьці будзе цікава. Тая дзяўчына сказала, што ёй дакладна будзе. Ну вось, нас ужо двое, можна пачынаць, іншыя падцягнуцца, калі будзе куды. Гэтая размова адбылася летам 2009 года, увосень я скантактаваўся з лінгвістамі, яны былі правялі вечар беларускай мовы, якая іх цікавіла ў шэрагу шмат якіх іншых, ад літоўскай да гэльскай, мы сустрэліся, і так усё пачалося. Потым ужо замест лінгвістаў пачалі прыходзіць людзі, зацікаўленыя не мовамі ўвогуле, а менавіта беларускай мовай. Спачатку збіраліся недзе раз на тры тыдні, чалавек па 8–12, а гады тры збіраемся ўжо стабільна раз на два тыдні і значна большай колькасцю.

 

— У клуб прыходзілі ўкраінцы?

 

— Так, у першыя гады выключна ўкраінцы. Беларусы калі і прыходзілі, дык толькі для таго, каб сустрэць іншых беларусаў. Прыходзяць яны, а тут нейкія ўкраінцы, якія яшчэ і па-беларуску размаўляць. Ну не, нам не сюды, казалі. І сыходзілі. Быў нейкі дзядзька, не ведаю, магчыма, кадэбіст, які прыйшоў, каб панаракаць на тое, чаму мы... падтрымліваем беларускую апазіцыю.

 

— Як жа вы па-беларуску без беларусаў размаўлялі?

 

— За той час, пакуль беларусаў сярод нас не было, у нас стварылася свая ўнутраная беларуская мова. Калі мы не ведалі якога-небудзь слова, мы інтуітыўна вырашалі, што гэтае слова, напэўна, будзе нейкім такім. Пачыналі яго выкарыстоўваць, наш калектыў да яго звыкаў. Потым прыходзілі беларусы: э-э... што? Няма такога слова, націск робіцца не тут і г.д. Для гэтай нашай унутранай мовы мы ўрэшце нават назву прыдумалі — «тражык», ад словаў «трасянка» і «суржык». Вядома, калі з'явіліся беларусы, яны пачалі наш тражык прычэсваць і нармалізаваць.

 

 Ці адчуваецца розніца паміж народамі праз іхныя мовы?

 

— Магу пацвердзіць, што мова фармуе носьбіта ў вельмі значнай ступені. Пачынаючы размаўляць на іншай мове, адчуваеш сябе крыху іншым чалавекам. Што да беларускай, у ёй найперш заўважная мяккасць. Але, скажам, гукі «ч» і «р» значна цвярдзейшыя за ўкраінскія. Неяк я быў у горным паходзе ў Крыму, мы спусціліся ў першую ноч з гораў да мора... ноч, горы, мора, чарната... і я раптам адчуў мора зусім іначай, чым да таго. Калі яно было «морем», яно для мяне было чымсьці павярхоўным. Чайкі там, музычка папсовая, ахаладжальныя напоі, каму пахлавы. А тут я адчуў, што гэта велізарная маса вады, глыбокая, чорная, магутная стыхія. І я не мог назваць яе іначай, чым «морам». Мабыць, яно моцна ўразіла калісьці беларусаў. Ведаючы розныя славянскія мовы, можна часам называць пэўныя рэчы словамі з розных моваў, якія тым рэчам болей пасуюць. Нешта лепей назваць украінскім словам, нешта беларускім, нешта польскім. Гэта прышпільна! Дарэчы, я не збіраўся польскую мову вучыць, але пасля беларускай яна сама неяк вывучылася.

 

— Дэйка, чаго б ты пажадаў чытачам «Новага Часу»?

 

— Давайце знаёміцца! Наладжваць гарызантальныя сувязі, запаўняць прабелы савецкай «дружбы народаў», узбагачаць адно аднаго. Калі што, для нас ужо і мова агульная ёсць — той самы «тражык».

 

Танцюють всі

 

natalka_belazjorava.jpg

Падчас беларускай вечарыны ў Кіеве Наталка Белазёрава выканала запальны беларускі народны танец. Яна прывезла яго ва Украіну на конкурс «Танцюють всі», але там здарыўся прыкры выпадак — журы не разумела беларускай мовы, на якой дзяўчына прадстаўляла свой нумар. Мабыць, праз гэта атрымала непрахадны бал. На вечарыне танец прайшоў на ўра, выклікаўшы гучныя воплескі. Асаблівасць гэтага нумару ў тым, што народны танец, які звычайна выконваецца калектывам, хлопцамі і дзяўчынамі, Наталка выконвае сола. Дзяўчына прыдумала яго падчас вучобы ў Аўстрыі, дзе студэнтаў прасілі прадстаўляць сваю краіну праз розныя мастацкія сродкі.  

 

Варта было б часцей праводзіць такія мірныя вечарыны і сустрэчы. Давайце знаёміцца, ці што.