Асобная думка. Крокус падобнасці

Мінулая пятніца прынесла ў свет чарговую хвалю смерці і болю. Тэрор у чарговы раз забіў дзясяткі людзей і тысячам прынес пакуты і непазбыўную боль. Чарговы раз эксперты выказаліся, белыя палітоны зацвердзілі сваю чысціню, інтэрнет-прастора працягвае звыклыя срачыкі і ўзаемныя баны.

Малюнак з progemorroj.ru

Малюнак з progemorroj.ru

Я не буду зараз пераказваць і абсмоктваць усе недарэчнасці афіцыйнай трактоўкі гэтай жудаснай падзеі, але звярну ўвагу на тое, чаго дагэтуль не было ніколі. Здагадаліся ўжо? 

Так, упершыню ў гісторыі ўсе тэрарысты, якія здзейснілі тэракт, трапілі ў доўгія рукі расійскага «правасуддзя» жывымі! Гэта, насамрэч досыць дзіўна. Дагэтуль расійскія спецслужбы зусім не клапаціліся аб захаванні жыцця тэрарыстаў, знішчаючы іх па запавеце правадыра нават «у сарціры». Адкуль нарэшце такі «гуманізм»? І ці гуманізм гэта ўвогуле?

Сапраўды, галоўнай задачай любога спецназу пры дзеяннях падчас і ва ўмовах тэракту — захоп як мага большай колькасці тэрарыстаў жывымі, каб потым высветліць увесь ланцужок да замоўцы. Да мінулай пятніцы расійскую дзяржаву гэта не турбавала ніяк — яна сама прызначала адказных за любое супрацьдзеянне. Што здарылася на гэты раз і чаму было вырашана прад’явіць грамадству «жывых тэрарыстаў»?

Я не ведаю як гэтыя няшчасныя пагадзіліся граць тую ролю, якую граюць зараз. Але цялесныя пашкоджанні на іх ясна кажуць аб абыходжанні з імі падчас і, асобна, пасля затрымання. Я ведаю, што такое «гарачы допыт» і калі ён робіцца. Магчыма, калісьці гэта і здымалася на відэа, але ніколі дагэтуль не дэманстравалася супольнасці амаль у анлайне. Навошта?

І тут я прыгадаю вам, што карані гэтых відэа знаходзяцца ў Чачні, дзе падчас абодвух канфліктаў з Расіяй відэастужкі з жахлівым кантэнтам выходзілі амаль штодня і шакавалі сваім бязмежжам і крывавасцю кожнага, хто іх бачыў. На некалькіх з іх, дарэчы, і сённяшні кіраўнік Чачні бадзёра рэжа глоткі расійскім пацанам-салдатам. Нічога, зараз Герой Расіі і кіраўнік рэспублікі... Ну чаго ж на свеце не бывае, выправіўся чалавек!

Тады гэтыя шакавальныя кадры былі накіраваны наўпрост на тое, каб атрымаць грошы ад сваякоў няшчасных салдат, якія трапілі ў палон. Сёння відэа засталіся жахлівымі і крывавымі, але мэты кардынальна змяніліся.

Ну якія мэты пераследуе відэа з запалоханым таджыкам, якому вось толькі што адрэзалі вуха, адбілі галаву і аб чымсьці пытаюцца — спытаеце вы. У Расіі, дзе нават затрыманым па адміністрацыйных справах пакуль яшчэ дазволена карыстацца мабільнікам і даюць матрацы ў камерах — гэта моцны і даволі сур’ёзны інструмент ціску на грамадства, якое пакуль зусім не прывыкла да становішчу «не да законаў». Гэта вельмі сур’езны і ясны сігнал, што гэтае самае «не да законаў» ужо не дзесьці на Беларусі, а зусім побач. Літаральна на ганку! Дарэмна штолі затрыманні па відэа на пахаванні Навальнага былі зусім нядаўна? «Браты» вучацца вокамгненна... Чаму вы такое робіце? Таму што нам за гэта нічога не будзе!

Я не буду тут зараз прыгадваць бясконцы амаль 4-гадовы серыял «ГУБАЗіК і дзверы», дзе ў падобным становішчы перабылі тысячы беларусаў. Таксама збітыя, таксама гаворачыя ўзгодненыя тэксты, таксама спрабуючыя выратаваць свае жыцці. Закон даўно памёр на гэтых прасторах, засталіся крымінальныя «паняцці». Хто не з намі, той супраць нас. Хто мацнейшы, той і мае рацыю. Супраць лому няма прыёму. Калі вельмі хочацца, то можна. 

Сёння насупраць акуляра відэакамеры апынуўся іншы чалавек, і я вельмі спачуваю яму, але ж разумею, што заўтра гэта магу быць я. І я не ведаю ў чым абвінавацяць мяне. Ці буду я ў стане размаўляць увогуле. Ці будуць у мяне рукі, ногі і вушы. Мне вельмі хочацца, каб гэта зразумеў кожны, хто яшчэ не пачуў грукат у дзверы і не атрымаў прыкладам аўтамата ў лоб. Гэта можа быць літаральна кожны!

Калі вы думаеце, што я перабольшваю — паглядзіце адзін з апошніх допісаў у тэлеграм-канале ГУБАЗіК. Там даволі выразна і ясна кажуць пра «хваробу вуха» ў аднаго з апошніх затрыманых у Беларусі.

Вось такі крокус...

Глядзіце таксама