Архіепіскап Святаслаў Логін: «Маскоўскія агрэсары выдаюць сябе за хрысціянаў, а паводзяцца як сатаністы»
Вера заклікае да прымірэння паміж людзьмі і цэлымі народамі, але не ў якім разе нельга мірыцца са злом, бо супраць зла трэ змагацца, лічыць кіраўнік БАПЦ архіепіскап Святаслаў Логін.
Архіепіскап Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Святаслаў Логін звярнуўся з архіпастырскім словам да беларусаў з нагоды Божага Нараджэння.
«Штогод урачыста святкуем дзень Хрыстовага Нараджэньня — сьвята прыходу на Зямлю Сына Божага, другое асобы Прасьвятое Тройцы. Хрыстос прыйшоў, каб прымірыць чалавека з Богам, дзеля чаго прынёс нябачную раней любоў паміж людзьмі, паказаў ім шлях да вечнага жыцця ўва Ўладарстве Божым, неабходнасць перавагі духоўнага над матэрыяльным.
Самое Нараджэнне Месіі – гэта святло, якое дае магчымасць пазнаваць Усявышняга Госпада.
У сённяшнія ліхія часы навалы чужынцаў вернікі задумваюцца над тым, ці неабходнымі для збавення душы ёсць цярпенне і любоў да ўсіх, да чаго заклікаў Хрыстос. Ці не прывядзе гэта да паняволення нас і цэлага нашага народу ворагам?
Хрысьціянская вера заклікае да прымірэння паміж людзьмі, цэлымі народамі, але не са злом, бо супраць зла трэ змагацца. Хрыстовае вучэньне — гэта духоўная зброя змагання за Праўду.
Але далёка не ўсе прынялі да сэрца вучэнне Хрыста як тады, так і цяпер. Так, маскоўскія агрэсары выдаюць сябе за хрысціянаў, а паводзяцца як сатаністы, што стагоддзямі чынілі генацыд беларусаў і іншых народаў, і цяпер пагражаюць усяму цывілізаванаму сьвету. Як некалі малое Дзіця Ісус перахоўваўся на Чужыне ад Ірада, так і цяпер сотні тысяч уцекачоў апынуліся на выгнаньні з-за перасьледу іх уладай самазванца-ірада ў Беларусі, які ёсьць служкаю Крамля.
Беларуская Царква моліцца цяпер і за Украінскі народ, якому выпала пакутная роля выратавання Хрысціянскае Еўрапейскае цывілізацыі, у тым ліку і Беларусі, ад варвараў. Таксама молімся за беларусаў, якія змагаюцца супраць маскоўскіх агрэсараў у братняй Украіне і супраць дыктатуры ў роднай Беларусі, і за тых, хто апынуўся ў розных кутках свету і іхнія сем’і.
Хай каляднікі заспяваюць у кожным Беларускім памешканні на Бацькаўшчыне і ў Замежжы, і павіншуюць усіх: –
Хрыстос Нарадзіўся! Слаўце Яго!»