Amnesty International: Беларуская дзяржава бесчалавечна абыходзіцца з дзецьмі ў палітычных мэтах
Беларускія ўлады падчас сваёй кампаніі па выкараненні іншадумства ў краіне звяртаюцца да пагроз, пераследу і запалохвання дзяцей, заявіла Amnesty International напярэдадні 9 лютага, калі спаўняецца шэсць месяцаў з пачатку масавых антыўрадавых выступленняў у краіне.
Некаторым дзецям пагражаюць гады турэмнага зняволення, у той час як іншыя жывуць у страху, што іх бацькі трапяць у турму, або што яны будуць перададзеныя пад апеку дзяржавы. Пра гэта Amnesty International распавядае ў сваім інфармацыйным брыфінгу, падрыхтаваным у рамках кампаніі #StandWithBelarus.
«Падчас жорсткага падаўлення іншадумства ўлады звяртаюцца з дзецьмі цалкам непрымальным чынам. Некаторыя дзеці апынуліся ў адвольным зняволенні і ім прад'яўленыя сфабрыкаваныя крымінальныя абвінавачванні — такія ж як і дарослым», — кажа Аіша Джанг, старшы кіраўнік кампаній Amnesty International па Беларусі.
«Дзецям ва ўзросце ад васьмі гадоў у школах пагражалі,
што над іх палітычна актыўнымі бацькамі расправяцца. Адной з самых падступных
формаў пераследу і запалохвання з'яўляецца пагроза выкарыстання заканадаўства
для канфіскацыі дзяцей з сем'яў і перадачы іх пад апеку дзяржавы, што фактычна
робіць іх закладнікамі дзяржавы», — заявіла таксама яна.
Чатырнаццацігадовы Алег (імя зменена па меркаваннях бяспекі) быў затрыманы ў Мінску 12 жніўня АМАПам разам з сотнямі мірных дэманстрантаў і мінакоў. «У мікрааўтобусе яго білі, рвалі за валасы, сілком прымусілі разблакаваць тэлефон, прыціснуўшы яго пальцы да экрана», — распавяла Amnesty International яго маці.
Супрацоўнікі міліцыі выявілі ў яго кішэні
невялічкую ўлётку з беларускім бел-чырвона-белым сцягам. Гэтага было
дастаткова, каб службы абароны дзяцей занеслі сям'ю ў спіс для назірання,
заявіўшы, што Алег жыве ў «сацыяльна небяспечнай сітуацыі». Зараз Алег і
яго сям'я жывуць у пастаянным страху расстання.
«Гэты выпадак увасабляе жорсткасць рэпрэсій, развязаных беларускімі ўладамі, якія ідуць на ўсё, каб запалохаць сваіх крытыкаў. Гэта бесчалавечнае абыходжанне з дзецьмі з боку дзяржавы ў палітычных мэтах і непрыгожая кампанія запалохвання любога іншадумства павінны быць неадкладна спыненыя», — заявіла Аіша Джанг.
Amnesty International пачала кампанію # StandWithBelarus 27 студзеня з публікацыі дакладу аб тым, як беларускія ўлады выкарыстоўвалі сістэму правасуддзя для пераследу ахвяр катаванняў, а не злачынцаў.