Арцёму Саўчуку далі чатыры гады калоніі. Ён «дапамог штурхануць каляскі на стаянцы гандлёвага цэнтру»

9 лютага суд Фрунзенскага раёна агучыў прысуд 30-гадоваму палітвязню Арцёму Саўчуку. Яго прызналі вінаватым па ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу і асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Пазоў «Мінсктранса» будзе выдзелены ў асобную грамадзянскую вытворчасць, паведамляе spring96.org

sauchuk_3.jpg

Справу разгледзела суддзя Юлія Блізнюк. Дзяржаўнае абвінавачанне прадстаўляла Аліна Касьянчык.15 студзеня сябра Арцёма, палітвязня Арцёма Хвашчэўскага, з якім яны былі ў той вечар, асудзілі да года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Справу таксама разглядала Юлія Блізнюк.

Самога Арцёма Хвашчэўскага таксама выклікалі для сведчанняў — ён даў такія ж самыя паказанні, як і яго сябры, з якімі ён быў у той вечар: Саўчук і Сычык. Ён распавёў, што яны прыехалі на вяселле да школьнага сябра, пасля чаго планавалі вярнуцца ў Польшчу. У Беларусі яны ўдзельнічалі ў мірным сходзе.

Абаронца палітвязня Сяргей Лебедзеў падкрэсліў, што паказанні пацвердзіліся запісамі з камер назірання. Іх прагледзелі не адразу: чацвёртага лютага большая частка судовага дня была патрачаная на тое, каб паспрабаваць адкрыць дыскі з матэрыяламі справы — з больш чым трыццаці дыскаў у судзе над праграмістам змаглі адкрыць толькі тры.

«І Арцём, і яго сябры далі прынцыпіяльна аналагічныя паказанні, — адзначыў адвакат палітвязня. — Калі яны вярталіся дадому, рух быў заблакаваны, таму яны прыпаркавалі машыну на адной з вуліц і працягнулі рух пешшу. Падчас выбухаў яны часова згубіліся, але потым знайшліся каля гандлёвага цэнтру «Цівалі». Там Саўчук дапамог невядомым яму людзям, якія перамяшчалі каляскі супермаркета — толькі таму, што яны перасоўвалі іх з цяжкасцю. Ён не меркаваў, што гэтыя каляскі могуць быць выкарыстаныя ў супрацьпраўных дзеяннях.Паказанні пацвярджаюцца фатаздымкамі і відэа, якія зрабіў на тэлефон Хвашчэўскі. Пацвярджаецца і факт перасоўвання калясак супермаркета на невялікай частцы дарогі».

Аднак у той жа час абарона падкрэсліла, што ў віну Саўчуку ставіцца «разукамплектаванне і выняцце калясак з парковачнага бокса» — такія высновы следчы зрабіў на аснове прагледжаных відэа з камер назірання і інвентарных нумароў калясак. Аднак на відэа бачна, як Саўчук і сябры на некаторы час знікаюць з зоны агляду камеры. Следства палічыла, што паколькі Саўчук мог знаходзіцца ў боксе падчас выкатвання калясак, віну можна лічыць даказанай — іншых доказаў суду не прадстаўлена.

«Па сутнасці, следчы ў пратаколе дапусціў здагадку, якая не можа быць прынята за доказ паводле прэзумпцыі невінаватасці, — адзначыў Сяргей Лебедзеў. — Акрамя гэтага, і абвінавачаны, і сведкі кажуць, што яны не заходзілі ў бокс».

Адвакат таксама зазначыў, што следства і пракуратура памылкова дапусціла пашыранае тлумачэнне паняцця «пагром», зачытаўшы тлумачэнні слова ў розных слоўніках і адзначыўшы, што такой з’явы ў Беларусі не было. Лічыць выкраданнем выняцце калясак з месца хранення ў краме і перасоўванне іх на 140 метраў таксама нельга: не пацверджаныя карысныя матывы, гандлёвая сетка не панесла шкоды, а таксама — выкарыстанне калясак па-за крамай дапушчаецца правіламі гандлёвых сетак.

«Паслугацтва патрабуе доказу злога намеру, таму лічу яго не пацверджаным, — сказаў Сяргей Лебедзеў. — Арцём кіраваўся альтруізмам і не меркаваў, для якіх мэтаў будуць выкарыстаны каляскі. Менавіта за тое, што ён не разабраўшыся ў сітуацыі, праявіў спагадлівасць, ён зараз і прыцягваецца да крымінальнай адказнасці».

Падчас прагляду відэа з рэгістратара Арцёма не пацвердзілася інфармацыя пра тое, што ён нібыта выкрыкваў лозунгі каля СІЗА-1 на Валадарскага.

Пракурор запрасіла для Арцёма Саўчука чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненнага рэжыму, а таксама задаволіць грамадзянскі пазоў Мінсктранса — 21 тысячу 839 рублёў. Суддзя прызначыла менавіта такое пакаранне.

У апошнім слове Арцём узгадаў бацькоў, сястру, бабуль і дзядуль, сяброў і сваякоў. «Усіх моцна абдымаю, усіх люблю. Не хвалюйцеся за мяне».