Амерыканца, што ўцёк у Беларусь з ЗША, абвінавацілі ў штурме Капітолія

Грамадзяніну Злучаных Штатаў, які ўцёк у Беларусь, на радзіме вылучылі абвінавачанні ў нападзе на паліцэйскіх і іншых злачынствах, звязаных з беспарадкамі 6 студзеня падчас штурму Капітолія ЗША, паведамляе «Свабода».

njuman_na_bt.jpg

Эвану Ньюману 10 снежня ў Вашынгтоне прад’явілі абвінавачанні ў 14 крымінальных правапарушэннях. Абвінаваўчы акт дапаўняе абвінавачанні, якія першапачаткова ўтрымліваліся ў крымінальнай справе, распачатай супраць 49-гадовага Ньюмана ў сакавіку.

Офіс пракурора ў Вашынгтоне паведаміў, што на момант падачы першай скаргі Ньюман ужо ўцёк са Злучаных Штатаў і зараз, як мяркуюць, знаходзіцца ў Беларусі. Справу расследуе ФБР, на арышт мужчыны ўжо ёсць ордэр, гаворыцца ў заяве.

Паводле абвінавачання, падчас беспарадкаў у Капітоліі Ньюман засунуў металічную перагародку ў шэраг афіцэраў і ўдарыў некалькіх з іх перагародкай і кулаком. У сваім інтэрв’ю беларускаму дзяржаўнаму тэлебачанню ў лістападзе Ньюман адпрэчыў абвінавачанні, назваўшы іх «палітычным пераследам».

У ЗША няма дамовы аб экстрадыцыі з Беларуссю. У мінулым месяцы Дзяржаўны дэпартамент адмовіўся каментаваць справу, спасылаючыся на законы аб канфiдэнцыяльнасцi.

Пасля беспарадкаў больш за 700 чалавек былі арыштаваныя за злачынствы, звязаныя з нападам на Капітолій у ЗША, у тым ліку больш за 220 чалавек, якія абвінавачваюцца ў нападзе ці перашкодзе дзейнасці праваахоўных органаў.

15 жніўня Ньюмана затрымалі беларускія памежнікі пасля нелегальнага пераходу мяжы. Ён сцвярджае, што ва Украіне за ім цікавала СБУ. Ад пераследу ўкраінскіх спецслужбаў ён вырашыў схавацца ў Беларусі і прасіць палітычнага прытулку.