АМАП затрымаў адвакатаў, якіх пазбавілі ліцэнзіі. Іх забралі ў РУУС, потым прымушалі дыхаць у трубку
Здарэнне адбылося 26 сакавіка на вуліцы Чырвонай у Мінску, дзе знаходзіцца некалькі юрыдычных кансультацый. Удзельнікі гісторыі адмаўляюцца каментаваць падзеі вечара ад свайго імя, але вось што вядома ў агульных рысах, распавядае «Наша Ніва».
У юрыдычнай кансультацыі сабраліся два дзясяткі адвакатаў, каб развітацца з пазбаўленымі ліцэнзіі калегамі. Літаральна праз паўгадзіны ад пачатку ў будынак прыехаў АМАП і папрасіў усіх на выхад. Адвакатаў прывезлі ў РУУС, а пасля — на вуліцу Перадавую, дзе знаходзіцца медыцынская экспертыза гарадскога наркалагічнага дыспансера.
Пасля чаго на тых, хто быў выпіўшым, склалі пратаколы па
артыкуле 19.3 КаАП («Распіццё алкагольных напояў на працоўным месцы») і
адпусцілі. Тых, хто не выпіваў, адпусцілі без пратакола.
Самі адвакаты лічаць, што такі хуткі прыезд міліцыі можа
азначаць, што офісы адвакацкіх кансультацый цяпер праслухоўваюцца ў рэжыме
рэальнага часу.