Алёна Мезенцава — «Чалавек году» ў Кобрыне
Намесніца старшыні грамадскага аб’яднання «Кобрынскі клуб дзелавых жанчын "Бона"» Алёна Мезенцава прызнаная «Чалавекам году» ў Кобрыне ў намінацыі «Грамадства і ініцыятыва». Пра гэта стала вядома 14 ліпеня на Свяце горада Кобрына ў гонар яго 730-годдзя.
Клуб «Бона», якім кіруе былая дырэктарка
Кобрынскай дзіцячай вёскі Ала Сапяжынская, больш за 10 гадоў вядзе працу па
прасоўванні ідэі гендэрнай роўнасці і пераадоленні хатняга гвалту, дзеля чаго
арганізуюцца сустрэчы з цікавымі людзьмі, абмяркоўваюцца пытанні актыўнага
ўдзелу жанчын у грамадскім жыцці, рэалізуюцца актуальныя сацыяльна-культурніцкія
праекты, жыццёва неабходныя грамадству і дзяржаве.
Так, у супрацы з Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі Алёна Мезенцава здзейсніла шэраг праектаў па прафілактыцы гандлю людзьмі, упершыню ў Беларусі распрацавала настольную гульню для моладзі «Не — сучаснаму рабству!».
На тэрыторыі Кобрынскага раёну спадарыня Алёна рэалізуе ініцыятывы па далучэнні да актыўнага грамадскага жыцця паджылых людзей праз працу Кобрынскага ўніверсітэту «Залатога ўзросту». Ягоная гістарычна-краязнаўчая секцыя «Кобрынскі ключ» сабрала пад яе кіраўніцтвам і апублікавала матэрыялы пра раней невядомую Кобрыншчыну 1930-1960-х гадоў у кнізе «Карані і кроны», выдадзенай «Брэсцкай друкарняй» у бягучым годзе.
Два тыдні таму ў рамках праекту «TANDEM-III. Супрацоўніцтва для развіцця мясцовых супольнасьцяў і ўдзелу грамадзянаў у мясцовым самакіраванні» пры падтрымцы Еўрапейскай асацыяцыі мясцовай дэмакратыі (ALDA) и айчыннага культурніцка-асветнага грамадскага аб’яднання «Фонд імя Льва Сапегі» была здзейснена ідэя «Выспы дзяцінства». З ініцыятывы спадарыні Алёны высілкамі грамадзян пры падтрымцы мясцовых уладаў была створана сучасная спартова-гульнявая пляцоўка «Выспа дзяцінства», аб чым даўно марылі жыхары пасёлку Птушкафабрыкі і вёскі Андронава ў наваколлі Кобрыну.
Зараз Алёна Мезенцава працуе над праектам «Форуму-тэатру “Мы — роўныя!”», падтрыманым амбасадай ЗША у Рэспубліцы Беларусь. Праект накіраваны на развіццё гендэрнай чуллівасці ў вясковых юнакоў і дзяўчат, а таксама на выхаванне ў іх імкнення да рэалізацыі роўных мажлівасцяў.
З верасня бягучага году ў рамках праекту міжнароднай тэхнічнай дапамогі «Падтрымка ініцыятывы «Пагадненне мэраў» у Беларусі» стартуе справа «Кобрын ратуе клімат планеты». Той, хто далучыцца да гэтага праекту, разам з Алёнай Мезенцавай паспрыяе не толькі змяншэнню спажывання электраэнэргіі, але і паляпшэнню экалалагічнага стану Бацькаўшчыны.
Газета «Новы час» віншуе Алёну Мезенцаву з узнагародай і выказвае надзею, што яе працавітасць, арганізатарскія здольнасці і актыўная грамадская пазіцыя паспрыяюць далучэнню жанчын да будаўніцтва сучаснай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі.
У каментары НЧ спадарыня Алена зазначыла:
«Безумоуна, было прыемна даведацца пра ўзнагароду і атрымаць яе. Дзякуй, што высока адзначылі працу нашага жаночага аб’яднання і мой асабісты унёсак ва ўвасабленне шэрагу праектаў. Канешне, добра, калі ёсць генератары ідэй і лідары-арганізатары, аднак вельмі важныя высілкі ўсёй каманды аднадумцаў і падтрымка адміністрацыі раёну. Бо найбольш якасны вынік атрымліваецца менавіта пры актыўнай супрацы грамадзянаў з уладамі. Вось чаму мы і надалей павінны працаваць разам дзеля нашых грамадзянаў, ад настрою і дабрабыту каго залежыць будучыня Бацькаўшчыны».