Адна тэма — розныя погляды

У 26-м нумары «Новага часу» быў апублікаваны артыкул Івана Біча «Польскі аналаг Дахау» — пра гісторыю стварэння і функцыянавання турмы ў Бярозе-Картузскай на тэрыторыі Заходняй Беларусі.



4a08142c38dbe374195d41c04562d9f8.jpg

У 26-м нумары «Новага часу» быў апублікаваны артыкул Івана Біча «Польскі аналаг Дахау» — пра гісторыю стварэння і функцыянавання турмы ў Бярозе-Картузскай на тэрыторыі Заходняй Беларусі.
Існавала турма нядоўга — з ліпеня 1934-га да восені 1939 года — калі была ліквідавана Чырвонай арміяй, што ўвайшла на тэрыторыю Заходняй Беларусі. Так гісторыя турмы аказалася ўпісанай у складаны і драматычны адрэзак не толькі польскай, але сусветнай гісторыі, на сутыкненні эпох, на лязе дзвюх войнаў, супрацьстаянні двух таталітарных рэжымаў за сваё глабальнае гаспадарства.
Рэха тых падзей да гэтага часу адгукаецца ў беларуска-польскіх адносінах. І таму не выпадкова, што і праз 75 гадоў гісторыя гэтай турмы выклікае цікавасць як даследчыкаў, так і грамадскасці. Найперш у Польшчы.
На артыкул Івана Біча адгукнуўся Павел Марчук, першы сакратар польскай амбасады ў Беларусі. Мы публікуем яго ліст, а па сутнасці — глыбокі, аргументаваны артыкул, цалкам.
Два артыкулы цікавыя не толькі сваім зместам. Беларускі журналіст Іван Біч у сваім нарысе адлюстраваў, абагульніўшы на польскіх жа крыніцах, пункт погляду пэўнай групы польскіх даследчыкаў. Павел Марчук выклаў свой. І гэта — самае галоўнае і істотнае: драматычныя і складаныя з’явы гісторыі, як нацыянальнай, так і сусветнай, у дэмакратычнай Польшчы даследуюцца, вывучаюцца, дыскутуюцца адкрыта. Там даўно няма зон пад забаронай, табу на тыя ці іншыя тэмы, закрытых спецсховішч. Там даўно і плённа працуе Інстытут памяці, намаганнямі якога вернуты з нябыту тысячы імён і падзей. Праўда гісторыі паўстае са свабоды слова.
Іншая справа — у Беларусі. Па сутнасці, любая гістарычная тэма знаходзіцца пад знакам калі не афіцыйнай забароны, то пад дзяржаўным кантролем. Табу — на тэме рэпрэсій 1930–1950-х гадоў. Табу на тэме Курапат. Табу на тэме пакту Молатава-Рыбентропа. Прапагандысцкія фільтры — на тэме паходу Чырвонай арміі па далучэнні Заходняй Беларусі ў склад БССР… І толькі намаганнямі энтузіястаў-даследчыкаў мы ўсё ж такі ажыццяўляем свае лакальныя прарывы да праўды гісторыі. І гэты інтэлектуальны рух не стрымаць, не спыніць.
Аляксей Кароль, шэф-рэдактар «Новага часу»



Шаноўны спадар Іван Біч
Я не маю намеру палемізаваць са зместам артыкула, аднак хацеў бы выказаць свае адносіны да галоўнага тэзіса, які стаў падставай для далейшых разважанняў аўтара.
На грэчаскай мове «analogos» азначае «прапарцыянальны», «падобны». Прапаную паглядзець, якім чынам гэтае падабенства прадстаўлена ў свеце гістарычнай інфармацыі і фактаў, змешчаных у артыкуле.
Створаны ў 1933 годзе канцэнтрацыйны лагер у Дахау (які можна было б назваць прататыпам лагераў з дваццатых гадоў, каб не створаны ў СССР у 1923 годзе канцэнтрацыйны лагер на Салавецкіх астравах), першапачаткова быў прызначаны для ўдзельнікаў нямецкай апазіцыі, аднак хутка да гэтай групы былі далучаны ворагі нацысцкай сістэмы і асобы, якія лічыліся непрыгоднымі для гэтай сістэмы.
Увогуле, канцэнтрацыйны лагер Дахау стаў адным з прыкладаў, побач з Аўшвіцам (1 100 000 закатаваных), практычнай рэалізацыі нацысцкай палітыкі, інструментам гітлераўскай расавай палітыкі, адным з сімвалаў халакосту і немагчымага для ўяўлення варварства другой сусветнай вайны.
Усяго праз канцэнтрацыйны лагер Дахау прайшло 250 000 вязняў, у тым ліку закатавана — 148 000 чалавек.
З самага пачатку мэтай Дахау было масавае вынішчэнне адразу ўнутраных ворагаў, затым, згодна з асноўнымі палажэннямі, прадстаўленымі ў «Main kampf» Адольфа Гітлера, ніжэйшых расаў, у тым ліку жыдоў, славян і раманскай расы, а таксама ворагаў (у шырокім разуменні гэтага слова) Трэцяга рэйха.
У лагеры праводзіліся псеўдамедычныя эксперыменты. Удзел у іх прымалі такія прадстаўнікі нацысцкай навукі, як праф. Клаус Шылінг, доктар Зігмунт Рашэр, праф. Эрык Хіпке, праф. Аўгуст Вэльц, доктар Хэйнрых Шуц.
Адначасова з вынішчальнымі функцыямі (якія дыктаваліся іманентнай для нацызму расісцкай ідэалогіяй), канцэнтрацыйны лагер у Дахау быў адным са шматлікіх звенняў, якія выкарыстоўвалі нявольніцкую працу вязняў на патрэбы ваеннай вытворчасці Трэцяга рэйха, быў адной з яе апораў.
Аднак «Месца адасаблення», бо такой была афіцыйная назва «Бярозы- Картузскай» — бясспрэчнай плямы на гонары Другой Рэчы Паспалітай — было праяўленнем бяссілля маладой польскай дзяржавы перад нарастаючымі праблемамі, звязанымі з утрыманнем інтэгральнасці, як і перад нарастаючай праблемай нацыянальных меншасцяў (вельмі часта распальваемая ўсходнім суседам — сёння мы маем дастаткова гістарыяграфічнай інфармацыі на дадзеную тэму).
Туды траплялі (паводле сённяшніх крытэрыяў) тэрарысты і асобы, якіх падазравалі ў сабатажы і працы на карысць іншых дзяржаў, а таксама, на жаль, прадстаўнікі левага крыла і скрайняга правага крыла, дзеячы паўстаючага на польскіх землях беларускага і ўкраінскага народных рухаў, тыя, хто пазбягаў платы падаткаў, падазраваныя ў фінансавых надужываннях, крыміналісты, а ў апошняй фазе існавання лагера, якая папярэднічала выбуху другой сусветнай вайны, — прадстаўнікі нямецкай меншасці.
Большасць вязняў Бярозы-Картузскай вядомыя па прозвішчах і імёнах, можна прасачыць іх біяграфіі, каб зразумець генезіс узнікнення «месца адасаблення».
Агульная лічба ахвяраў Бярозы-Картузскай — 14 чалавек (10 заключаных памерлі ва ўнутраным шпіталі, тры — у самой турме, адзін учыніў самазабойства).
Асноўная розніца паміж Бярозай-Картузскай і Дахау заключаецца не толькі ў радыкальна розных лічбах ахвяраў, але ў генезісе і канчатковых функцыях гэтых двух месцаў.
Таксама нельга забываць пра сітуацыю, што ў момант утварэння турмы ў Бярозе-Картузскай існавала ў Еўропе, і якая мела непасрэдны ўплыў на рашэнне пра яе ўтварэнне ў 1934 годзе.
Нагадаю: на захадзе ўсё мацнейшая і ваяўніча настроеная фашысцкая Германія, на ўсходзе — Савецкі Саюз, які не хаваў сваіх агрэсіўных намераў адносна Рэчы Паспалітай, і які ўваходзіў у фазу вялікага тэрору (7–8 мільёнаў арыштаваных, 1–1,5 мільёна расстраляных, 2 мільёны закатаваных у сталінскіх лагерах).
На савецкай Украіне заканчвалася другая хваля Вялікага Голаду (1921–1923, 1932–1933, 1946–1947 — які, па розных падліках, забраў жыцці 6–15 мільёнаў людзей), таксама абавязваў дэкрэт «аб пяці каласах». У лесе ў Курапатах закопвалі чарговых «ворагаў народа». У 1937 годзе загад № 00485 — які быў фактычным указаннем вынішчэння палякаў у СССР і ў выніку якога закатавана сто тысяч чалавек — быў падпісаны Н. Яжовым.
Такім чынам, параўноўванне Бярозы-Картузскай з Дахау з’яўляецца надужываннем і зваротам да асноваў савецкай гістарыяграфіі, якая, у сувязі са сваёй супярэчнасцю з элементарным журналісцкім аб’ектывізмам, не да твару незалежнаму журналісту і аднаму з вядучых незалежных беларускіх штотыднёвікаў.
З павагай, Першы сакратар амбасады Рэспублікі Польшча ў Беларусі Павел Марчук