Адмова на пікетаванне ў абарону Курапатаў будзе абскарджана ў судзе
Адмова на пікетаванне ў абарону Курапатаў будзе абскарджана ў Мінскім раённым судзе. Да такой высновы прыйшлі сябры грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” на сваім пасяджэнні 4 чэрвеня ў Мінску.
Нагадаем, што ў Мінскі райвыканкам былі накіраваныя заяўкі ад 20 мая на два пікеты ў абарону Курапатаў.
Сярод заяўнікаў акцый — старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 86-гадовы Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, археолаг, кандыдат гістарычных навук Валянціна Вяргей, грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка, а таксама грамадскі актывіст Алесь Макаў, які ў 2008 годзе затрымаў у Курапатах вандалаў, за што пазней страціў працу.
У заяўках, між іншым, адзначалася, што ўвосень 2012 г. СТАА “БелРэстІнвест” узвяло ў непасрэднай блізкасці ад Курапатаў аб’ект прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол”, што рыхтуецца да адкрыцця. Пад сціплай назвай аб’екту прыдарожнага сервісу насамрэч пабудаваны сапраўдны рэстаранна-забаўляльны комплекс з рэстаранам на 100 пасадачных месцаў, лазняй, чатырма дамкамі модульнага тыпу і дзіцячай пляцоўкай.
Такім чынам, перад самымі Курапатамі, дзе могуць ляжаць бязвінна забітыя продкі кожнага з беларусаў, паўстаў рэстаранна-забаўляльны комплекс для гулянак і вяселляў, пад час якіх выпіваюць, смажаць шашлыкі, спяваюць, танчаць і парацца ў лазні.
На думку грамадскіх актывістаў, рэстаранна-забаўляльны комплекс, узведзены побач з Курапатамі, з’яўляецца здзекам з гэтага велічнага помніка трагедыі беларусаў і своеасаблівым цынічным выклікам нацыянальным духоўным традыцыям з іх паважлівым стаўленнем да памяці продкаў. Апроч таго, пабудаваны цэнтр адпачынку стварае непасрэдную пагрозу Курапатам, бо павялічвае антрапагенны ціск на ўрочышча.
“Аднак дзяржава, на вялікі жаль, адмовілася выконваць свой прамы абавязак і бараніць ад беззаконня Курапаты. Вось чаму мы вымушаныя выйсці на пікет, каб выканаць свой канстытуцыйны абавязак па зберажэнню унікальнай гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння, якой з’яўляюцца Курапаты (арт.54 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь)”, — падкрэслівалася ў заяўках.
У адпаведнасці з артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Законам Рэспублікі Беларусь “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” грамадскія актывісты прасілі дазволу на правядзенне пікетавання з мэтай прыцягнення ўвагі грамадства і дзяржавы да сітуацыі каля Курапатаў пасля ўзвядзення аб'екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назвай “Бульбаш-хол”.
Пікетаванні з удзелам да 10 чалавек у кожным былі запланаваныя на 4 чэрвеня ў ваколіцах Курапатаў — каля ўваходаў у рэстаранна-забаўляльны комплекс і гіпермаркет “Бігз” на рынку “Экспабел”.
Пад час акцый прадугледжвалася выкарыстанне лозунгаў наступнага зместу:
“Бульбаш-хол” — здзек з Курапатаў!”, “БелРэстІнвест” — прэч ад Курапатаў!”
“Беларусы, абаронім Курапаты ад знявагі!”, “Курапаты — месца згубы бязвінных людзей, а не месца для забаваў“ і “Не — гулянкам і вяселлям ля Курапатаў!”
Аднак Мінскі райвыканкам забараніў правядзенне пікетавання. Прычым распараджэнне пра гэта ад 29 мая старшыні райвыканкама Пятра Ярмаша, але без ягонага подпісу, два з сямі заяўнікаў акцыі атрымалі па пошце толькі днём 4 чэрвеня — за некалькі гадзінаў да запланаванага пікетавання.
Грамадскія актывісты будуць звяртацца ў Мінскі раённы суд са скаргай на Мінрайвыканкам, паколькі лічаць, што сваімі дзеяннямі чыноўнікі сарвалі правядзенне пікетавання і парушылі канстытуцыйнае права грамадзянаў на правядзенне масавага мерапрыемства.