Чаму грамадскае абмеркаванне праекту забудовы вакол Курапатаў так і не завершанае?

Чаму Мінскі райвыканкам так і не завяршыў працэдуру грамадскага абмеркавання праекту забудовы тэрыторыі вакол Курапатаў? З гэтым  пытаннем грамадзяне пісьмова звярнуліся да старшыні Мінрайвыканкама Пятра Ярмаша.



kurapati_mrv_l_st_4_6_15_1_1_.jpg

Сярод падпісантаў звароту ад 4 чэрвеня — старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 86-гадовы Вацлаў Нямковіч, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч, археолаг, кандыдат гістарычных навук Валянціна Вяргей, грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка, а таксама грамадскі актывіст Алесь Макаў, які ў 2008 годзе затрымаў у Курапатах вандалаў, за што пазней страціў працу.

Яны, між іншым, нагадалі чыноўніцтву, што 17 красавіка 2014 года ў Доме культуры аграгарадку Лясны (Мінскі раён) адбылася прэзентацыя праекту дэталёвага планавання (ПДП) забудовы тэрыторыі з захаду ад гістарычна-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння “Месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930—1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты”

Падчас гэтай прэзентацыі, якая праводзілася ў рамках грамадскага абмеркавання (ГА) вышэйназванага праекту, арганізаванага Мінрайвыканкамам з 15 красавіка па 1 траўня 2014 года, архітэктары Аляксандр Акенцьеў і Вадзім Гліннік пазнаёмілі прысутных з ПДП і сваімі прапановамі ў праект зонаў аховы Курапатаў, прычым акцэнт зрабілі на забудове тэрыторыі з захаду ад каштоўнасці і ледзьве закранулі рэгламенты забудовы з поўначы ад урочышча. Спадар Акенцьеў, які кіруе стварэннем ПДП, поўнасцю абышоў тэму забудовы з ўсходу ад народнага мемарыялу, дзе запланавана ўзвядзенне Міжнароднага выставачанага цэнтру. Спадар Гліннік, які рыхтаваў праект зонаў аховы Курапатаў, звярнуў увагу на тое, што будаўніцтва гэтага цэнтру можа парушыць межы ахоўнай зоны каштоўнасці.

Падчас дыскусіі прадстаўнікі грамадскасці выказалі шматлікія заўвагі да праекту і падтрымалі наступныя прапановы грамадскіх экспертаў у абарону Курапатаў, якія пазней былі дасланыя ў камісію па ГА: 

1.      Выканаць прадпісанне Генеральнай пракуратуры Мінскаму аблвыканкаму ад 27 лістапада 2012 году аб вынасе ТАА “БелРэстІнвест” 4-х дамкоў аб’екту прыдарожнага сервісу з першапачатковай назваю “Бульбаш-хол” з тэрыторыі ахоўнай зоны Курапатаў.

 

2.      Міністэрству культуры надаць дзеючай часовай схеме зонаў аховы Курапатаў статус канчатковага праекта зонаў аховы гэтай каштоўнасці, бо часовых схемаў заканадаўства не прадугледжвае і адсутнасць нарматыўна-прававога акта аб зонах аховы ўжо прывяла і надалей прывядзе да перманентнага парушэння заканадаўства пры распрацоўцы ПДП забудовы тэрыторыі вакол Курапатаў.

3.      Да выпраўлення гэтага сур'ёзнага парушэння заканадаўства, да паўнацэннага зацвярджэння канчатковага праекту зонаў аховы Курапатаў усе дзеянні, звязаныя з праектаваннем і там больш забудоваю тэрыторыяў вакол каштоўнасці павінны быць спыненыя.

Аднак адказу на свае прапановы грамадзяне так і не атрымалі.

Паколькі падчас прэзентацыі праекту прадстаўнікі грамадскасці не мелі мажлівасці пазнаёміцца з тэкстамі тлумачальнай і зацвярджаемай частак ПДП, старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч пісьмова прапановаў пракуратурам Мінскага раёна і Мінскай вобласці арганізаваць ГА згодна адпаведнаму палажэнню.

У лісце ў Мінскі аблвыканкам і Мінскі райвыканкам ад 28 траўня 2014 года спадар Астаповіч звярнуў увагу чыноўніцтва на тое, што ў парушэнне заканадаўства не была склікана камісія для завяршэння працэдуры грамадскага абмеркавання ПДП тэрыторыі вакол Курапатаў — падвядзення вынікаў ГА і афармлення адпаведнага пратаколу. Дарэчы, у склад камісіі па ГА ўключаны і прадстаўнікі грамадскасці — Антон Астаповіч і археолаг, кандыдат гістарычных навук Валянціна Вяргей.

У сваім адказе ад 9 чэрвеня 2014 года на ліст спадара Астаповіча начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Мінрайвыканкама Сяргей Ціткоў паведаміў, што “ў сувязі са шматлікімі зваротамі грамадзян” прынята рашэнне аб правядзенні ГА нанава. Прычым спадар Ціткоў паабяцаў старшыні таварыства аховы помнікаў, што пра дату правядзення ГА грамадскасць будзе праінфармаваная. І хоць прайшоў год пасля гэтага адказу спадара Сяргея Ціткова, грамадзяне так і не дачакаліся абяцанага грамадскага абмеркавання ПДП тэрыторыі вакол Курапатаў.

Разам з тым, за мінулы пасля прэзентацыі гэтага праекту час сітуацыя вакол Курапатаў абвастрылася, бо сваёй пастановай ад 1 снежня 2014 № 70 Міністэрства культуры скараціла межы ахоўнай зоны каштоўнасці і ўвяло ў прававое поле незаконную забудову тэрыторыі з захаду ад урочышча. Апроч таго, ТДА  “Вігеўрабуд” на недатыкальнай тэрыторыі ахоўнай зоны з поўначы ад Курапатаў узвяло ачышчальныя збудаванні з вадаёмам і зрабіла захады па здзяйсненню планаў далейшай забудовы ахоўнай зоны гэтага велічнага помніку трагедыі беларускага народа. 

Такім чынам, працэдура ГА, прадугледжаная Палажэннем аб парадку правядзення грамадскіх абмеркаванняў у галіне архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці, зацверджаным пастановай Савета міністраў ад 1 чэрвеня 2011 года №687, была пачатая, але не завершаная мясцовымі ўладамі з невядомых прычынаў. На  меркаванне падпісантаў звароту, гэта было зроблена наўмысна ў сувязі з тым, што запланаваныя дзеянні мясцовых уладаў не атрымалі падтрымкі грамадскасці пад час прэзентацыя ПДП 17 красавіка 2014 года ў Доме культуры аграгарадку Лясны.

На выснове выкладзенага аўтары ліста просяць старшыню Мінрайвыканкама Пятра Ярмаша адказаць на пытанне, чаму мясцовыя ўлады ў парушэнне заканадаўства адмовіліся ад працягу і завяршэння грамадскага абмеркавання праекту дэталёвага планавання тэрыторыі вакол Курапатаў.