Адкаменціў чужы камент з абразай АМАПа — пракурор просіць паўтара года «хатняй хіміі»
Суд Фрунзенскага раёна Мінска 21 траўня пачаў разгляд крымінальнай справы 46-гадовага Андрэя Думанскага, якога абвінавачваюць у абразе супрацоўніка АМАПа.
Санкцыі артыкула 369 Крымінальнага кодэкса за абразу прадстаўніка ўлады прадугледжваюць пакаранне грамадскімі працамі, або штрафам, або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам, ці абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў.
Справу разглядае суддзя Юля Блізнюк, дзяржабвінавачанне прадстаўляе пракурор Касьянчык.
Пацярпелы па справе — радавы ўзвода аператыўна-баявога прызначэння АМАП УУС Мінгарвыканкама Віталь Фёдараў. Ён таксама заявіў у судзе пазоў на пакрыццё маральнай шкоды памерам 1 000 рублёў.
Паводле матэрыялаў справы, нехта Б. вывесіла скрыншот інфармацыі аб пацярпелым з ТГ са сваім каментаром, што «нарадзіўся ў горадзе Крупкі, і такой працай зарабіў сабе на кватэру...».
Абвінавачаны Думанскі пакінуў пад гэтым постам каментар з аднаго слова, якое пацярпелы палічыў за абразу.
«Жонка — супрацоўнік органаў МУС. Вы павінны ёй адпавядаць»
У судзе Фёдараў патлумачыў, што знаёмы даслаў яму скрыншот, а пазней і спасылку на гэты каментар. Пасля чаго Фёдараў звярнуўся з заявай у міліцыю.
Як патлумачыў Думанскі, ён перачытваў стужку FB і ўбачыў пост. Яго жонка працуе ў органах МУС бухгалтарам, але яе прозвішча таксама выкладвалі ў агульным спісе.
Таму, калі ўбачыў адзін грубы каментар пад гэтым постам, ён не вытрымаў і пакінуў свой каментар да гэтага чалавека.
Неўзабаве Думанскага выклікалі ва УУС аблвыканкама на гутарку. Там ён распавёў тое ж самае, аднак яму не паверылі і прапанавалі лепей гаварыць пра тое, што каментар пакінуў у дачыненні да Фёдарава, каб у жонкі не было праблем па працы.
Суддзя запыталася, чаму, пакідаючы каментар іншаму каментатару, ён не націснуў на яго іконку, каб было ясна, што адрасавана менавіта яму.
Думанскі не мог патлумачыць, адгаварыўся загружанасцю на працы.
Матэрыяльны пазоў маральнай шкоды ў судзе зняты. Абвінавачаны аплаціў яго на месцы.
Матэрыяльныя патрабаванні «пацярпелага» Думанскі гатовы пакрыць у абедзенны перапынак.
Далей суд даследаваў пісьмовыя матэрыялы справы, праглядалі відэа і скрыншоты каментароў.
У абвінавачанага на фотаздымку вокладкі ў Фэйсбуку — лагатып «ямы97».
Пасля перапынку Фёдараў напісаў заяву на адмову ад пазоўных патрабаванняў, бо яму ўсё добраахвотна кампенсавалі. Суддзя прыняла рашэнне задаволіць адмову ад грамадзянскага пазову.
Пракурор Касьянчык запрасіла для Андрэя Думанскага адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу.
У спрэчках адвакатка адзначыла, што 7 снежня была праведзена экспертыза, у якой гаворыцца, што немагчыма ўсталяваць, ці адносіцца дадзены каментар канкрэтна да «пацярпелага».
Але пасля гэтага заключэння ўсё роўна была ўзбуджаная крымінальная справа.
Прысуд па справе будзе агучаны 24 траўня.