Адгукніцеся, хто ведаў першую абаронцу Курапатаў Лідзію Яцук
Больш за год
таму ў мы надрукавалі артыкул «НКУС забіваў ў Курапатах нават
калі нацысты ўвайшлі ў Мінск». У артыкуле, што
меў вялікі розгалас, апублікаваныя ўспаміны 82-гадовай Лідзіі Раманаўны Крывіцкай, якая стала жыве ля самых Курапатаў з
1939 года.
Галгофа на вышэйшай кропцы Нацыянальнага некропалю Курапацкай гары вышынёй 235 метраў
Як сведка шматлікіх падзеяў ў лясным ўрочышчы, штосьці пра трагедыю ў глухім хваёвым бары яна даведалася ад сваёй маці, нешта — ад аднавяскоўцаў, шмат чаго спадарыня Лідзія ведае сама. Амаль усё сваё жыцце яна жыве на адным месцы — да вайны яно называлася вескай Зялёны Луг, а зараз — з гэткай жа назваю сталічным мікрараёнам.
З расповяду Лідзіі Крывіцкай вынікае, што хаця большасць жыхароў вёскі Зялены Луг, якія працавалі ў аднайменным саўгасе, верылі ў тое, што за плотам пралетарская ўлада насмрэч забівае ворагаў народу, і падтрымлівала гэтыя захады савецкай дзяржавы, у саўгасе знайшліся людзі з іншым меркаваннем.
Яшчэ раз звернемся да гэтага фрагменту ўспамінаў Лідзіі Раманаўны:
Першы герой Курапатаў — смелая Лідзія Яцук
Праз колькі гадоў пасля вайны ў вёсцы пайшла
пагалоска, што на курапацкіх пагорках спілуюць лес, пні выкарчуюць, а тэрыторыю
бульдозерамі выраўняюць пад раллю. Супраць гэткіх планаў паднялася адважная
жанчына, рабочая саўгасу Лідзія Яцук прыкладна 1913 – 1914
гадоў народзінаў, якая сама выхоўвала свайго сына, бо муж загінуў на вайне, як
і мой бацька. Гэтая ўдава анікога не баялася і адкрыта казала, што нельга араць
Курапаты, бо там увесь лес на касьцях, а поля ў саўгасе і так зашмат, толькі
працоўных рук бракуе. Менавіта Лідзія Яцук вымусіла тагачаснага дырэктара
саўгасу, былога партызана, чалавека прыстойнага (імя і прозвішча ягонае не
памятаю) пайсці на прыём да адпаведнага міністра, каб скасаваць гэтыя планы. І,
як ні дзіўна (гэта ж былі сталінскія часы!), настойлівасць смелай Лідзіі Яцук дала
свой плён – пасля таго, як міністр наведаў нашыя мясціны, улады адмовіліся ад
планаў узараць Курапаты і пакінулі гэтае
месца ў спакоі, а потым вырашылі пашыраць ва ўрочышчы плошчы пад пасадкі лесу.
А паколькі так і адбылося, Лідзію Яцук можна з поўным правам лічыць першай гераіняй Курапатаў, якая сваёй рашучасцю выратавала гэтае святое месца і захавала яго для нашчадкаў.
Зараз актывісты ініцыятывы даследуюць фонды Дзяржаўнага архіву Мінскай вобласці, каб знайсці дадатковыя звесткі пра Лідзію Яцук.
На пачатку наступнага года “Эксперты ў абарону Курапатаў” мяркуюць заснаваць штогагодую прэмію Лідзіі Яцук за абарону Народнага мемарыялу, за найбольш грунтоўныя і цікавыя даследаванні Нацыянальнага некропалю.
Звяртаемся да беларусаў, якія жывуць на Бацькаўшчыне і за яе межамі з просьбаю падзяліцца сваімі ўспамінамі пра гэтую адважную жанчыну, дзякуючы якой на паўночна-усходнім ускрайку Мінска захаваўся стары хваёвы бор, дзе 10 год адбываліся расстрэлы ахвяраў сталінізму, у тым ліку самых працавітых, таленавітых і адукаваных сыноў і дачок Беларусі.
Адгукніцеся, калі ласка! Пішыце на адрас kurapaty@bielarus.by, званіце на тэлефон 8-029-27-64-0-64.