Ад прытулку для жывёл да грамадскай прыбіральні ў парку
У Слуцку значна пашырылася грамадская актыўнасць. Неабыякавыя грамадзяне збіраюць сотні подпісаў пад калектыўнымі зваротамі гараджан.
Спачатку случчане падпісваліся за беларускія назвы вуліц, затым — за прытулкі для жывёл і прыстойную прыбіральню ў гарадскім парку адпачынку.
Райвыканкам яшчэ не паспеў адрэагаваць на гэты блок подпісаў, як на вуліцах Слуцка жыхароў горада зноў просяць праявіць грамадскую пазіцыю. Стварэнне бясплатнай спартыўнай пляцоўкі і роварнай дарожкі — новая праблема, якую неабыякавыя людзі хочуць паставіць перад райвыканкамам.
— У той час, калі роварныя дарожкі, спартыўныя пляцоўкі, прытулкі для жывёл — погляд у будучае, прыстойная грамадская прыбіральня павінна была існаваць яшчэ сто гадоў таму, — гаворыць актывістка грамадскай кампаніі «Наш дом» Тамара Блінова. — Гарадскі парк — гэта асноўнае месца правядзення масавых мерапрыемстваў і ўлюбёнае месца адпачынку гараджан. Людзі танцуюць, гуляюць на масавых мерапрыемствах, ужываюць ежу і розныя напіткі, якія купляюць у гандлёвых кропках парка. Пасля натоўпам ходзяць у неканалізацыйную прыбіральню з выкапанай ямай.
Калі гуляеш у парку, месца, дзе знаходзіцца грамадская прыбіральня, лёгка знайсці па спецыфічнаму паху. Дарэчы, знешне па ёй не скажаш, што яна з жудасным начыннем, паколькі сцены падфарбоўваюцца з вуліцы амаль кожны год.
Таксама ў калектыўным звароце людзі скардзяцца на антысанітарыю і стрэс, які яны перажываюць пры наведванні такога патрэбнага будынка.
— Праблему даўно трэба было вырашыць, — гаворыць Андрэй, малады чалавек і фанат футбола. — Тое, што мы маем тут, у парку, — гэта сорам для гараджан і ўсяго горада. Не разумею, як гэта не даходзіць да нашых кіраўнікоў і людзі павінны збіраць сотні подпісаў. (Усяго пад калектыўным зваротам сабраны 582 подпісаў).
Кожны год праводзіцца Дзень горада, грошы трацяцца на фейрверкі, салюты і гулянкі. А пра прыстойнае адпраўленне чалавечых патрэб у парку адпачынку не падумалі ні кіраўнік горада, ні цэлая армія дэпутатаў. Андрэй лічыць, што калі кіраўніцтва горада не дае развівацца свабоднай грамадскай актыўнасці, яно павінна прадугледжваць усе бытавыя дробязі — у тым ліку і прыстойную грамадскую прыбіральню.
Тамара Блінова просіць Слуцкі райвыканкам і Слуцкі раённы Савет дэпутатаў прыняць рашэнне пра будаўніцтва стацыянарнай грамадскай прыбіральні і яго тэрміны, а таксама пры разглядзе пытання запрасіць яе альбо некалькі заяўнікаў на пасяджэнне сесіі Слуцкага раённага Савета дэпутатаў.