Ад якіх прадуктаў трэба адмовіцца жанчынам, якія кормяць грудным малаком? Спытайце ў педыятра

Сёння мы пачынаем новую рубрыку «Спытайце ў педыятра». У ёй педыятр са шматгадовым стажам Мая Церакулава будзе адказваць на найбольш распаўсюджаныя пытанні бацькоў, якія ёй задавалі за час яе практыкі.

2_602_logo.png

Найчасцей маладыя мамы, якія вырашылі карміць дзяцей грудным малаком, сутыкаюцца з пытаннем “Што можна, а што нельга есці?”. Часта да гэтага дадаюцца трывалыя міфы, якія былі распаўсюджаныя яшчэ ў нашых бабуль і прабабуль. Дык ад якіх прадуктаў харчавання варта адмовіцца? Вось што адказвае педыятр:

— Варта адмовіцца ад алкаголю  і абмежаваць кафеін. У астатнім можна есці што хочацца. І чырвонае, і вострае, і салёнае — можна. Шакалад, арэхі, любую гародніну і садавіну, любое мяса і рыбу. Харчавацца трэба паўнавартасна, звыкла.

Распаўсюджаны міф прымушае мам немаўлят абмяжоўваць сябе. Але менавіта ў гэты час мамам вельмі важна захаваць звыклыя элементы жыцця, атрымліваць задавальненне. Быць мамай нованароджанага дзіцяці цяжка. Клопатаў і так хапае, таму не варта турбавацца пра дыету.

Грудное малако створана для кармлення дзяцей, усе бялкі яго адноўленыя арганізмам маці з вітамінаў і амінакіслот. Вы не корміце дзіця бялкамі з курынага філе, калі на вячэру ў вас было курынае філе, не. Вы корміце дзіця бялкамі груднога малака, для стварэння якога ваш арганізм выкарыстаў частку амінакіслот, што атрымаліся з бялкоў з'едзенага вамі курынага філе.

Вельмі рэдка ў немаўлятаў здараецца алергія на бялок каровінага малака, у аднаго з дзясяткаў тысяч дзяцей. Тады лекары могуць абмежаваць маці ва ўжыванні каровінага малака — бялок каровінага малака ўзнаўляецца пры кармленні грудзьмі. Яшчэ больш рэдкае захворванне — фенілкетанурыя: тады дзіця нельга карміць грудным малаком зусім. Забаронена грудное гадаванне пры ВІЧ у маці. Але ў астатнім, калі няма такіх сур'ёзных дыягназаў, жанчына павінна харчавацца паўнавартасна і як душа жадае.

Большасць лекавых сродкаў — ад распаўсюджаных форм антыбіётыкаў да антыдэпрэсантаў — сумяшчальныя з грудным гадаваннем. У інструкцыях да многіх прэпаратаў напісана, што "ўплыў недастаткова даследаваны" — таму што даволі складана арганізаваць клінічныя даследаванні на кормячых маці. Тады можна спытаць участковага педыятра. Логіка прыкладна такая: калі прэпарат дазволены дзецям, значыць дазволены і мамам, якія кормяць грудным малаком.

Дзіця высыпала пасля кармлення грудзьмі? Існуюць транзіторныя станы нованароджаных. Незалежна ад таго, што з’ела маці, часам у дзяцей бывае высыпка. Немаўля фармуецца, яго кішачная флора фармуецца, яго скура фармуецца. Дзеці растуць, іх арганізмы спеюць — гэта нармальна.

Нават атапічны дэрматыт толькі ў траціне выпадкаў звязаны з алергічнай рэакцыяй на ежу. У аснове яго патагенезу — дэфіцыт бялку філагрынолу, які пачне сінтэзавацца з узростам. Да таго часу асноўная задача маці — забяспечыць штучны покрыў запаленых участкаў скуры эмалентамі — тлустымі крэмамі. І весці харчовы дзённік, прычым пераправяраць яго, бо атапічны дэрматыт цыклічны. Таму з'едзеныя клубніцы могуць проста супасці па часе з абвастрэннем цыклу атапіі. Варта паспрабаваць яшчэ разок.

img_20230112_123507_logo.jpg

Ці трэба сцэджваць лішкі груднога малака? Трэба, калі вы адчуеце неабходнасць гэтага — як грудзі пачне злёгку ціснуць. Але не перашчыруйце: з часам арганізм прывыкае выпрацоўваць столькі малака, колькі з яго патрабуюць. Калі груднога малака не хапае, гэта адаб'ецца на прыбаўцы вагі дзіцяці.

І яшчэ невялікі лайфхак: грудное малако можна замарожваць. Яно да паўгода захоўваецца ў лядоўні і не губляе сваіх важных уласцівасцей. Спатрэбіцца — напрыклад, калі вам трэба будзе адлучыцца і пакінуць з малым на тату.

Не адмаўляйце сабе ў задавальненні смачна паесці, дарагія мамы! Жанчыны ў Карэі ядуць кіслае, жанчыны ў Мексіцы — вострае. Жанчыны кармілі дзяцей грудзьмі ўсю гісторыю чалавецтва, гэта самае натуральнае, што можа адбывацца з вамі і вашым дзіцём.

Калі ў вас з’явяцца пытанні да педыятра, пішыце нам у сацсетках ці на рэдакцыйную пошту. А мы штосуботу будзем публікаваць адказы на іх.