Яго дапытваў Цанава. А ў родны Гродна ён вярнуўся толькі пасля смерці Сталіна
Пасля вайны доктара Мікалая Марцінчыка хацелі ўзнагародзіць медалём «Партызану Айчыннай вайны». Але не ўзнагародзілі, бо нехта з чыноўнікаў выкрасліў яго імя са спісу: маўляў, у яго біяграфіі шмат «белых плямаў».
Мікалай Марцінчык — найцікавейшая асоба беларускай гісторыі ХХ стагоддзя. Марцінчык сябраваў і ліставаўся са многімі дзеячамі Беларусі. Пра яго вельмі шчыра адгукалася грамадская дзяячка і пісьменніца Зоська Верас. У сваіх лістах да сяброў яна прыгадвала: «Мне Мікалай Міхайлавіч Марцінчык прысылае парады і лекі. А цяпер, магчыма, той беларус з Варшавы прывязе мне лекі польскія, якія парадзіў і прысылаў на пробу Мікалай Міхайлавіч» (з ліста Фёдара Ігнатовіча). «Не ведаю, ці Вы знаёмыя з др. М. М. Марцінчыкам? Гэта мой знаёмы яшчэ з 1924 г. Мы ўвесь час ліставаліся…» (з ліста да Дануты Бічэль).
А вось як казала пра яго Ларыса Геніюш: «Шкада доктара Марцінчыка. Пісала мне пра гэта Людвіка Антонаўна (маецца на ўвазе Зоська Верас. — С.Ч.). Вельмі шкадую памерлага. Ён не раз быў у нас і памагаў нам даставаць лекі. Няхай лёгкаю будзе яму наша зямля» (з ліста да Аляксея Пяткевіча).
Мікалай Марцінчык быў асабістым доктарам славутага спевака Міхася Забэйды-Суміцкага. Яны пазнаёміліся яшчэ ў 1920-х гадах у Вільні. З таго часу шчыра сябравалі. Калі спявак жыў у Празе, то кансультаваўся ў Марцінчыка наконт лекаў, прасіў парады, як і чым лепш лячыцца. У 1976 годзе Мікалай Марцінчык атрымаў ад Забэйды-Суміцкага кружэлку сваіх песень, што выйшла ў Празе ў 1968 годзе з аўтографам: «Дарагому доктару М. М. Марцінчыку — удзячны пацыент М. Забэйда».
Сапраўды, Мікалай Марцінчык быў даволі добрым доктарам. Ён скончыў медычны факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя. Часопіс «Студэнцкая думка» за 1928 год № 1 (8) паведамляў: «30.XI м.г. скончыў Віленскі ўніверсітэт з тытулам доктара мед. унів. гр. М. Марцінчык — сябра Б.С.С.». Але не толькі медыцынай займаўся юнак з вёскі Кубельнікі Гродзенскага павета (цяпер Бераставіцкі раён), а таксама палітыкай, грамадска-культурнай працай і журналістыкай.
Пачатковую адукацыю ён атрымаў у Масалянскай царкоўна-прыходскай школе, бо бацькі — Міхась Рыгоравіч і Фёкла Васільеўна — хацелі, каб сын вучыўся. Пасля школы хлопец паступіў у Гродзенскую беларускую гімназію, потым яго шлях ляжаў у Вільню.
У Вільні Марцінчык хутка ўліўся ў працэс беларускага нацыянальна-вызвольнага адраджэння. Ва ўніверсітэце ён стаў адным з кіраўнікоў Беларускага студэнцкага саюза (БСС). Часопіс «Студэнцкая думка» (1924, № 1) у сваёй хроніцы паведамляў: «30 лістапада адбыўся гадавы сход Беларускага студэнцкага саюзу. Выбраны новы ўрад Саюзу ў асобах сяброў — Марцінчыка Міколы — старшыня…» Ён не толькі кіраваў БСС, але сам актыўна выступаў з лекцыямі, публікаваў артыкулы ў «Студэнцкай думцы» пад сваім прозвішчам і пад рознымі псеўданімамі і крыптанімамі — у іншых заходнебеларускіх выданнях.
У 1925 годзе Мікалай Марцінчык быў абраны сакратаром, а ў 1926 годзе — сябрам Галоўнай управы Таварыства беларускай школы (ТБШ). Ён актыўна займаўся стварэннем акруговых суполак ТБШ, публікаваў у друку артыкулы, у якіх патрабаваў адкрыцця беларускіх школ, дапамагаў лакальным арганізацыям ТБШ, у межах дзейнасці ТБМ і ТБШ супрацоўнічаў з актывістамі КПЗБ, але не падзяляў левых поглядаў камуністаў. А ў 1925 годзе ўдзельнічаў ва ўстаноўчай канферэнцыі па стварэнні Беларускай сялянска-работніцкай Грамады пад кіраўніцтвам Браніслава Тарашкевіча, уваходзіў у рэдакцыйную калегію газеты «Беларуская ніва».
На яе старонках 18 лістапада 1925 года паведамлялася: «У нядзелю 16 лістапада адбыўся агульны сход сяброў Таварыства беларускай школы. Пасля справаздачы Цэнтральнай Рады аб дзеяцельнасці за мінулы год і нагляднай аб рэвізіі адбыліся выбары сяброў Новай Цэнтральнай школьнай рады і Нагляднай на наступны год. У Цэнтральную школьную раду выбраны: старшыня — Б. Тарашкевіч, віцэ-старшыні: С. Рак-Міхайлоўскі, М. Заморын, сакратары: Я. Шнаркевіч і М. Марцінчык…».
У 1927 годзе, пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэта, Марцінчык пачаў працаваць у Віленскай педыятрычнай бальніцы. А потым — выкладчыкам анатоміі і хіміі ў Віленскай беларускай гімназіі. Адначасова ён каардынаваў выбарчую кампанію ў польскі Сейм, але трапіў у турму. Праўда, польскія ўлады (каб не надакучаў у Вільні) хутка выслалі Марцінчыка на Беласточчыну, у вёску Янаўка, пад нагляд паліцыі. Там ён уладкаваўся на працу доктарам, лячыў вяскоўцаў, але займацца грамадскай дзейнасцю не пакінуў.
З Янаўкі доктар Марцінчык пераехаў у Нараўку Гайнаўскага павета і актыўна працаваў у ТБМ. У Нараўцы ўжо ведалі, хто такі доктар Марцінчык, і яго прыезд вяскоўцы сустрэлі з радасцю. За ўласныя сродкі і ахвяраванні вяскоўцаў ён хутка купіў рэнтгенапарат, які быў вельмі неабходны. А калі прыйшла на Беласточчыну савецкая ўлада, доктару давялося займацца адкрыццём беларускіх школ, выступаць з лекцыямі і гутаркамі на медыцынскую тэматыку перад насельніцтвам, прымаць удзел у якасці кіраўніка бальніцы і дэпутата сельскага Савета ў правядзенні сесій, выступаць на мітынгах, — так патрабавала савецкая ўлада.
У першыя дні вайны ў Нараўскай бальніцы было шмат параненых чырвонаармейцаў. Іх даглядаў беларускі доктар. Працы хапала, спаў па пару гадзін на суткі. Але хутка ў Нараўку прыйшлі немцы. Яны абшукалі ўсіх параненых і вельмі цікавіліся, ці ёсць сярод іх афіцэры і камісары. Доктар Марцінчык казаў, што няма, бо тыя, хто адступаў, забралі іх з сабой. Немцы пакінулі Нараўку, але ненадоўга.
Жыць і працаваць падчас акупацыі было няпроста: немцы сачылі за доктарам Марцінчыкам, мяркуючы (небеспадстаўна), што ён супрацоўнічае з партызанамі. Яны часта прыходзілі да доктара, шмат распытвалі, арыштоўвалі. Дапытвалі спадара Марцінчыка і ў гестапа. Потым забаранілі жыць і працаваць у Нараўцы, загадалі пераехаць у Белавежу, дзе былі вялікі нямецкі гарнізон і гестапа.
Але доктар Марцінчык і там дапамагаў сваім людзям, перадаваў для партызан медыкаменты, многіх падпольна лячыў. Асабліва добрыя стасункі былі з камандзірам партызанскага атрада імя Кастуся Каліноўскага Аляксеем Карпюком, які быў родам з Беласточчыны. У 1944 годзе, пасля блакады і баёў, партызанскаму атраду імя Каліноўскага патрэбны былі лекі і бінты. І доктар дапамагаў, рызыкуючы жыццём.
Пасля вайны сям’я Марцінчыкаў пераехала ў Гродна. Доктара хацелі ўзнагародзіць медалём «Партызану Айчыннай вайны». Але не ўзнагародзілі, бо нехта з чыноўнікаў выкрасліў яго імя са спісу: маўляў, у яго біяграфіі шмат «белых плямаў». Не дапамаглі нават сведчанні тых, каго ён лячыў ад ран.
А ў 1948 годзе Марцінчыка арыштавалі органы МДБ. Яго дапытваў асабіста Цанава. Пасля допытаў асудзілі на 10 гадоў і адправілі ў Варкуту. Дадому ў Гродна доктар вярнуўся толькі пасля смерці Сталіна, а ў 1956 годзе яго рэабілітавалі.
У Гродне доктар Марцінчык працаваў у абласной бальніцы, да самай смерці шчыра сябраваў з тым жа Аляксеем Карпюком і Васілём Быкавым. Доктара не стала ў маі 1980 года. На надмагільным помніку, які знаходзіцца ў вёсцы Алекшыцы на Бераставіччыне, напісаны радкі з паэмы Якуба Коласа «Новая зямля»: «Мой родны кут, як ты мне мілы, забыць цябе не маю сілы…».