«Абуральны выпадак міліцэйскага свавольства»
Смерць Ігара
Барбашынскага ў Жодзіна, пра акалічнасці якой мы яшчэ будзем
паведамляць нашым чатачам, прыцягнула ўвагу ўвогуле да справы братоў
Барбашынскіх. Доктар юрыдычных навук Міхаіл Пустухоў лічыць яе «абуральным
выпадкам міліцэйскага свавольства».
Прыводзім каментар экс-суддзі Канстытуцыйнага суда, Заслужанага юрыста Рэспублікі Беларусь цалкам:
“Выпадак братоў Барбашынскіх і іх справа— абуральны выпадак міліцэйскага самавольства.
Работнікі міліцыі без усялякіх падстаў чапляюцца да грамадзян з мэтай паляпшэння паказчыкаў работы «органаў» і папаўнення дзяржаўнай казны за кошт спагнання штрафаў.
Асаблівасць выпадку ў тым, што затрыманыя аказалі супрацьдзеянне незаконным дзеянням супрацоўнікаў міліцыі. У выніку выйшла сур’ёзная бойка, якая дрэнна скончылася для братоў Барбашынскіх. Мяркуючы па ўсім, яны раззлавалі «вартавых парадку». Невыпадкова тыя зладзілі ім у міліцэйскай машыне «газавую камеру».
Далей было «звядзенне рахункаў» са свавольнымі братамі. У адказ на іх заявы аб прыцягненні працаўнікоў міліцыі да крымінальнай адказнасці, тыя вырашылі пакараць па самых строгіх мерках — па частцы 2 ст.363 КК («Супраціў працаўніку міліцыі...»).
Гэты сцэнар мог быць цалкам рэалізаваны пры падтрымцы пракурора — дзяржаўнага абвінаваўцы. Трэба аддаць належнае адвакату, якая даказала ў судзе, што справа «шытая белымі ніткамі», і дамаглася правядзення дадатковых медыцынскіх экспертыз. Па сутнасці, справа развалілася, і братоў павінны былі апраўдаць. Ва ўсялякім выпадку, суддзя павінна была вызваліць іх з-пад варты ў залі суда, бо заставалася толькі дачакацца вынікаў экспертызы.
Замест такіх чаканых па законе дзеянняў братоў пакінулі ў турэмных камерах. І сэрца аднаго з іх, 37-гадовага Ігара Барбашынскага, не вытрымала.
Вядома, адміністрацыя Жодзінскага СІЗА «адпіша» па факце смерці маладога мужчыны, маёра запасу, які нічым да гэтага сур’ёзна не хварэў. Магчыма, і суд прасякнеццаспачуваннем да другога брата і абмяжуецца мінімальным пакараннем за нібыта аказаны ім супраціў «гасударавым людзям».
Яшчэ раз падкрэслю: факт — абуральны. У ім у наяўнасці грубае парушэнне нормаў Закона «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь» ад 17 ліпеня 2007 года. І, перш за ўсё, прынцыпу законнасці і павагі правоў і свабод грамадзян. На мой погляд, «героі» гэтай гісторыі — работнікі міліцыі — дапусцілі злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі (арт.424 КК) і павінны панесці заслужанае пакаранне. Смерць Ігара Барбашынскага— на іх сумленні. Як абцяжарваючая віну акалічнасць. Калі б не было іх незаконных дзеянняў — браты маглі б пажываць ды жыццё смакаваць.
Я расцэньваю гэты выпадак як ганьбу не толькі слуцкай, але і ўсёй беларускай міліцыі. Даўно ўжо трэба яе рэфармаваць і зрабіць якасна новай, з іншым кадравым складам і іншым прызначэннем”.