Жанна Пцічкіна перакананая, што яе сына закатавалі на «Валадарцы»
Сёння ў У Маскоўскім судзе Мінска працягваецца працэс па справе смерці на «Валадарцы» ў 2013 годзе мінчука Ігара Пцічкіна. Сёння дапытаюць ахоўнікаў ізалятару ў якасці сведак на працэсе над фельчарам Аляксандрам Крыловым, які абвінавачваецца ў неаказанні дапамогі, што прывяло да смерці вязня.
Жанна Пцічкіна, маці памерлага вязня СІЗА № 1 Ігара Пцічкіна, учора дала паказанні ў судзе на працэсе.
Паводле маці, яе сын не быў «бездакорным», але і «не быў алкаголікам і наркаманам, якім яго выстаўляюць на «Валадарцы». З 16 гадоў Ігар Пцічкін працаваў на МТЗ, зарабляў грошы, у тым ліку і на штрафы за тое, што ездзіў на аўтамабілі без правоў.
«Сын з хлопцамі з падʼезду выпіваў спіртное, такое бывала на выходныя, але гэта не было часта, а за паўгода да СІЗА ён увогуле не піў, збіраўся зусім кінуць. Калі выпіваў, не быў агрэсіўны, прыходзіў дамоў і клаўся спаць», — казала маці.
Жанна Пцічкіна абвяргае тое, што нібыта яе сын быў наркаманам, што курыў «траўку» — яна прыкмет гэтага ніколі не бачыла. 30 ліпеня 2013 года Жанна Пцічкіна сама адвезла сына на «Валадарку» адбываць пакаранне — суд пакараў Ігара Пцічкіна 3 месяцамі арышту за паўторную язду за рулём у стане алкагольнага апʼянення.
«Была спякота да 30 градусаў, а сын дрэнна пераносіў спякоту. Але ён узяў з сабой шмат рэчаў на ўсялякі выпадак, я яшчэ здзівілася. Сама прыспешвала яго. Калі б ведала, што там яго забʼюць, ніколі б не аддала, хавала б, як магла», — сказала Жанна Пцічкіна.
Што сын памёр, жанчына даведалася 4 жніўня. Яна была ў царкве на службе, у 11:50 ёй пазваніў чалавек і вельмі спакойным голасам паведаміў, што сын памёр ад спынення сэрца.
«Ужо ў 13:30 дачка была ў моргу і ўбачыла Ігара. Яму ўжо зрабілі ўскрыццё. Куды так спяшаліся?» — абуралася Жанна Пцічкіна.
Ужо а 18 гадзіне яна сама ўбачыла сына ў моргу і кажа, што не пазнала:
«Па-першае, ён быў ад шыі да пояса сіні. А твар — як у мужчыны 40 гадоў і з такім выразам, як быццам яго катавалі — выраз пакутаў. У мяне на руках паміраў муж, і яго твар быў проста як у нябожчыка, а тут — як чалавека доўга катавалі. І яшчэ — галава была закінутая і ногі выцягнутыя, вельмі даўгія. А на запясцях сінія кругі. Мне потым сказалі людзі, што гэта, пэўна, яго трымалі ў позе „ластаўка“, і ён гэтак і памёр. І яшчэ на твары і на грудзях былі сінякі ад удараў — яго, пэўна, білі», — мяркуе Жанна Пцічкіна.
Паводле маці нябожчыка, праз 3 дні пасля пахавання ім у моргу аддалі рэчы Ігара Пцічкіна — байку, штаны, майку — якія былі «прапітаныя мачой гэтак, што капала».
Адносна віны фельчара Крылова маці Пцічкіна мяркуе, што той вінаваты ў тым ліку ў пакрыцці людзей, якія збівалі яе сына.
«Сам ён, магчыма, яго і не бачыў жывым, але ўсё роўна вінаваты і мусіць панесці самае суровае пакаранне», — мяркуе Жанна Пцічкіна.
Аляксандру Крылову паводле выстаўленага яму абвінавачання пагражае да 5 гадоў зняволення.
19 верасня ў судзе дала таксама паказанні Ганна Шпарык, былая дзяўчына Ігара Пцічкіна. Паводле сведкі, Ігар Пцічкін час ад часу курыў «траўку», а ці былі гэта «спайсы», ці іншыя наркотыкі, яна не ведае. Але «залежным ад наркотыкаў ён ня быў», — сказала сведка. Алкаголь Ігар Пцічкін ужываў, паводле ягонай сяброўкі, як усе хлопцы. «Хлопцам ён быў добрым, зарабляў для нас грошы, прыносіў дамоў. Але сваркі ў нас былі», — сказала суду Ганна Шпарык. Сведка згадала, што аднойчы размаўляла з маці Ігара Пцічкіна пра тое, што ён курыць «траўку».
Жанна Пцічкіна сказала, што такой размовы не памятае.