«42 тоны на такой хуткасці — гэтак танк мог і дом знесці»
Незалежны вайсковы эксперт Аляксандр Алесін мяркуе, што арганізатары рэпетыцый парада пралічыліся.
«Гэта можа быць тэхнічная непаладка, прыкладам, бакавы фрыкцыён заела, — сказаў Алесін у каментары Радыё Свабода. — А танк Т-72 даволі цяжкі ў кіраванні, ён патрабуе рэальнай фізічнай сілы ад кіроўцы. Усё ж 42 тоны, на такой хуткасці мог і дом знесці. На парадах ці падчас праходу вайсковай тэхнікі на манёўрах такое бывала, што ў дамы заязджалі, асабліва пры павароце. Яшчэ відаць, што пакрыццё мокрае, а хуткасць вялікая, вось і не ўлічыў.
Якое можа быць пакаранне танкісту? Мяркую, будуць разбірацца, і калі выявіцца, што адбылася тэхнічная паломка, дык вялікага спагнання ня будзе.
Але рэч не толькі ў танкісту. Чаму такая хуткасць? Чаго імчаўся? Ведаю, што для такіх рэпэтыцый складаецца вельмі шчыльны графік, усё па хвілінах распісана. Магчыма, з нейкай прычыны вось менавіта гэты танк ды той, што быў за ім, адсталі ад калоны. Потым спрабавалі дагнаць — вось і вынік.
А гэта значыць, што пралічыліся арганізатары, магчыма, трэба на такія рэчы адводзіць больш часу, улічваць, што нехта можа зьбіцца з графіку, і каб потым ён не ляцеў па вуліцы, не даганяў.
Яшчэ важны момант — што мінакі на ходніках ніяк не папярэджаныя, што доступ да дарогі адкрыты. Магчыма, трэба неяк агароджваць, можа, вайсковую аўтаінспэкцыю далучаць, каб іхныя машыны стаялі ўздоўж вуліцы, калі ідзе тэхніка. Памятаеце, пару гадоў таму на рэпэтыцыі ўжо быў інцыдэнт з вайсковай тэхнікай, каля плошчы Бангалор гэта было? Задыміўся. Такое магчыма, што нешта ламаецца, але трэба рабіць высновы».
На просьбу пракамэнтаваць прапанову ўвогуле адмовіцца ад вайсковых парадаў экспэрт сказаў:
«Ведаеце, у Беларусі парады — адзіная магчымасць даказаць усім, што войска ў нас ёсць. Вайскоўцы сядзяць у гарнізонах, па казармах, тэхніка ў ангарах — і ў людзей уражанне, што арміі нібыта няма. І тады ўзнікае пачуццё: а хто ж нас абараняе? Вось яны гэтак, праз «прамоўшн» і даказваюць, што не дарма хлеб ядуць. І, мяркую, лепш вось такімі інфармацыйна-прапагандысцкімі акцыямі, умоўна ваяваць, чым па-сапраўднаму. А тое, што парады большасьці нашых грамадзянаў падабаюцца і што на гэта звяртаюць увагу іншаземцы, магу засведчыць. Ведаю, што на парад 3 ліпеня вайсковы аташэ Японіі адмыслова ў Мінск прыедзе, францускі аташэ будзе — значыць, цікавяцца, ёсьць на што паглядзець. Таму мяркую, што парады сваю працу робяць»
Паводле Радыё Свабода