Вайніловіч: «Свой сярод чужых, чужы сярод сваіх»

Хто такі Эдвард Вайніловіч, імя якога нададуць скверу за Чырвоным касцёлам у Мінску, праз якога ўжо паспелі пасварыцца чальцы БХД і камуністы? Што такога ён зрабіў і чаму дасюль выклікае спрэчкі? Мы прапануем свой погляд на ягоную асобу.

Эдвард Вайніловіч

Эдвард Вайніловіч

Паводле апошніх сведчанняў, справа з наданнем імя Вайніловіча скверу мае ўсё ж такі вырашыцца пазітыўна: такі варыянт падтрымаў нават Мінгарвыканкам. Гэтаму папярэднічалі шматлікія звароты вернікаў, дыскусіі сярод гісторыкаў, публікацыі ў «СБ», спрэчкі паміж камуністамі з партыі Калякіна ды хадэкамі на чале з Севярынцам.

Хто ж такі Вайніловіч? Ягонае імя наўрад ці можна пералічваць сярод «забытых» дзеячаў нашай мінуўшчыны, разам з тым яно мае ўсе шансы патрапіць у спіс «недаацэненых» асобаў. Большасць ведае, што менавіта ён стаў фундатарам пабудовы Чырвонага касцёла, але ці ўсё на гэтым? «Патрыёт, прыхільнік еўрапейскага выбару, гаспадар, вернік, дабрачынца», — так нядаўна напісаў пра яго краязнаўца Кастусь Шыталь. Давайце разбірацца па пунктах.

Рэвалюцыянер, які не адбыўся

На момант пачатку Паўстання 1863-га Вайніловіч меў пятнаццаць гадоў і навучаўся ў Слуцкай гімназіі. У той час узнёслыя патрыятычныя настроі ахапілі не толькі Захад, але і цэнтральную частку ды нават раёны Усходняй Беларусі. Аб тым, што паўстанне належным чынам не падрыхтаванае і можа апынуцца бойняй ды катастрофай для ўсяго краю, мабыць, задумваўся далёка не кожны.

Гучыць неймаверна, але ў паўстанцы падлетка Вайніловіча хацела адправіць… маці! Атрымалася па-іншаму: калі ў Савічы, радавое гняздо Вайніловічаў, заявіліся паўстанцы, каб рэкрутаваць да сябе баяздольных мужчынаў, Эдварда наўпрост не было дома, а да інсургентаў далучыўся адно пісар з таго ж маёнтку. Відаць, часовая адсутнасць Эдварда была знакам Лёсу: Слуцкі атрад быў неўзабаве разбіты, пісар арыштаваны, а канфіскацыі маёнтку Вайніловічаў перашкодзіла толькі заступніцтва дзядзькі Эдуарда Тадэвуша Вайніловіча, тагачаснага слуцкага павятовага маршалка.

Тытульная старонка мемуараў Вайніловіча з Пагоняй і Арлом

Тытульная старонка мемуараў Вайніловіча з Пагоняй і Арлом


Прыхільнік Еўропы, чалавек новага кшталту

Вайніловіч ніякім чынам не ўпісваўся ў стэрэатыпы пра «аджываючую» шляхту, якая жыве адно ўспамінамі пра мінулае, што апісана як у «Вішнёвым садзе» Чэхава, так і ў «Пінскай шляхце» Дуніна-Марцінкевіча. Гэта быў чалавек цалкам новай фармацыі, які разумеў: акрамя шляхецкай годнасці патрэбны здаровы капіталістычны разлік.

Пасля навучання ў Пецярбургу, ён праходзіў стажыроўку на заводзе па вырабу лакаматываў Штросберга ў Гановеры, а з 1870-га працаваў памочнікам машыніста лакаматыва на чыгунцы Брусэль–Аквізгран. «Узважыўшы тую маю папярэднюю працу, тыя гады, праведзеныя ў рабочай блузе, тыя гады спецыяльнай навукі за страчаныя зусім не лічу: наадварот, набыў карысны досвед, бо навучыўся працаваць сам і цаніць працу іншых, разумець псіхалогію рабочых, падуладных і залежных людзей, і таму лепей разумець абавязкі працадаўцаў, у шэрагі якіх сам хутка меўся стаць», — пісаў Вайніловіч у сваіх успамінах.

Бронзавы барэльеф з радаводам Вайніловічаў

Бронзавы барэльеф з радаводам Вайніловічаў

Пазней былі падарожжы па Еўропе разам з роднымі і сябрамі: Вена, Інсбурк, Венецыя, Рым, Фларэнцыя, Гановер, Дрэздэн, лекцыі ў Сарбоне ды «Каледж дэ Франс» у Парыжы, салоны ды тэатры. У 1872-м Вайніловіч паехаў у Прушкаў у прускай Сілезіі, дзе стаў слухачом курсаў сельскагаспадарчай акадэміі — гэта была воля паміраючага бацькі, каб сын навучыўся працаваць на зямлі па еўрапейскіх стандартах ды рэалізаваў свае веды на Радзіме.

Прапанова Сталыпіна, ад якой… можна адмовіцца

На Радзіме Вайніловіч стаў сапраўдным адмыслоўцам у галіне сельскай гаспадаркі, замацоўваючы тут досвед, засвоены ў Заходняй Еўропе. У 1878-м ён уступіў у Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі, затым зрабіўся яго віцэ-старшынёй і, нарэшце, старшынёй. Менавіта дзякуючы яму таварыства стала ўзорным у рэгіёне, на якое раўняліся іншыя арганізацыі рэшты губерняў Паўночна-Заходняга краю.

Эдвард Вайніловіч

Эдвард Вайніловіч

Не дзіўна, што ў 1906-м Вайніловіч атрымаў прапанову стаць намеснікам міністра земляробства ўсёй Расійскай імперыі. Аўтарам прапановы быў ніхто іншы, як Пётр Сталыпін, які марна спрабаваў перабудаваць агромністую імперыю, якая знаходзілася на парозе рэвалюцыі, на капіталістычны манер. Вайніловіч адмовіўся: ягоныя інтарэсы былі тут, у сваім краі.

Дапамагаў бежанцам, габрэям ды татарам

Добра засвоіў у сваім жыцці Вайніловіч і яшчэ адну таямніцу поспеху: каб нешта браць, трэба і аддаваць. Дабрачынныя праекты сталі акурат тым фактарам у ягонай асабістай гісторыі, дзякуючы якому ён увойдзе ў гісторыю нацыянальную. Найбольш вядомы ягоны праект — гэта, безумоўна, касцёл святых Сымона і Алены, альбо Чырвоны касцёл, у Мінску, збудаваны як памяць пра заўчасна памерлых дзетак: 12-гадовага Сымона і 19-гадовую Алену.

Пры гэтым Вайніловіч быў унікальным прыкладам рэлігійнай талерантнасці, бо даваў грошы таксама і на праваслаўныя цэрквы, — напрыклад, зафундаваў Георгіеўскую царкву ў вёсцы Макраны, стаўся заснавальнікам камітэта абароны правоў габрэяў і татараў у Клецку. Міжканфесійны мір у краі быў для яго першасным за рэлігійныя, нацыянальныя і палітычныя спрэчкі.

Касцёл св.Сымона і Алены

Касцёл св.Сымона і Алены

Цяжка ўзгадаць, на якую сферу грамадскага жыцця Вайніловіч шкадаваў грошай: на ягоным рахунку і будаўніцтва камерцыйнага вучылішча ў Слуцку, і арганізацыя безлічы выставаў сельскай гаспадаркі, падчас Першай сусветнай — дапамога бежанцам і ахвярам вайны. Дарэчы, цягам той вайны ён арганізоўваў дагляд за прыватнымі гаспадаркамі Міншчыны ды перахоўваў эвакуяваную пародзістую жывёлу — і тут да пытання падышоў без эмоцыяў, па-гаспадарску.

Ці не апошнімі ягонымі дабрачыннымі праектамі ў Беларусі былі фінансаванне Беларускага нацыянальнага камітэту ў Мінску ў 1917-м ды Літоўска-беларускай дывізіі ў складзе польскага войска ў 1918-м, якая мелася абараніць краіну ад нашэсця бальшавікоў.

Палкавы знак Літоўска-беларускай дывізіі, якую падтрымаў Вайніловіч

Палкавы знак Літоўска-беларускай дывізіі, якую падтрымаў Вайніловіч

Чаму сварыўся з «бацькамі» БНР?

У сваіх мемуарах Вайніловіч адзначаў, што род ягоны паходзіць з «беларускіх баяраў», чытай, з «беларускай шляхты». Паводле светапогляду ён заставаўся прыхільнікам «краёвасці», пра што гучна заявіў у 1907-м, калі стаў старшынёй Краёвай партыі Літвы і Беларусі, якая патрабавала аўтаноміі для нашых земляў у складзе імперыі. У 1918-м ён выступіў з ідэяй адраджэння Вялікага Княства Літоўскага, што на той момант зусім не здавалася фантазіяй — такія думкі агучваў і сам Пілсудскі.

Што ж наконт беларускага руху? Вядома, Вайніловіч яму сімпатызаваў, даючы грошы на культурныя праекты, маючы асабістыя знаёмствы сярод беларускіх дзеячаў, ведаючы мову. Адзінай праблемай, якая, відаць, і не дазволіла яму сысціся з маладымі беларускімі палітыкамі, быў іхны… сацыялізм. Пра гэта Вайніловіч таксама разважаў у сваіх мемуарах, згадваючы са скрухай, што кожная сустрэча з дзеячамі заканчвалася аднолькава негатыўна, калі размова заходзіла аб прыватнай маёмасці.

Разам з тым, ягоным пратэжэ і «палітычным вучнем» быў землеўласнік Раман Скірмунт, прэм’ер-міністр БНР, які — ці не адзіны — выступаў за тое, каб нованароджаная рэспубліка развівалася ў капіталістычным рэчышчы. На жаль, адстаўка Скірмунта і канчатковая перамога сацыялістаў для Вайніловіча былі непрыемным ударам і фактарам асабістага расчаравання ў БНР.

Нягледзячы на палітычныя разыходжанні, падтрымаў Вайніловіч і случчакоў, якія ў лістападзе 1920-га правялі «Беларускі з’езд Случчыны» ў ягоным прыватным доме. Ці фінансаваў Вайніловіч непасрэдна ўдзельнікаў Слуцкага Збройнага Чыну? Невядома. Але калі б такія факты ўсплылі — наўрад ці б нехта здзівіўся. Прынамсі, гэта б цалкам уклалася ў жыццёвую філасофію Вайніловіча: «заўжды падтрымліваць сваіх, нават калі не супадаюць веравызнанне альбо палітычныя погляды».

Юбілейны значок, падораны Вайніловічу сябрамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі

Юбілейны значок, падораны Вайніловічу сябрамі Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі

«Свой сярод чужых…»

Вайна, рэвалюцыя, бальшавіцкае нашэсце і, як вынік, Рыжская дамова для Вайніловіча сталіся катастрофай. Праца ўсяго ягонага жыцця, эканамічныя і дабрачынныя праекты па развіцці і адраджэнні краю пайшлі прахам. Пазіцыю польскіх палітыкаў, паводле якой Міншчына мелася застацца «на водкуп» бальшавікам, ён успрыняў як здраду. Савічы, маёнтак Вайніловіча, быў разрабаваны, сямейныя архівы знішчаныя… Разам з чальцамі сям’і ён не меў іншага выбару, як прыняць польскае грамадзянства ды з’ехаў у Быдгаш.

Да канца жыцця ён быў прыхільнікам беларуска-польскай федэрацыі, выступаў супраць паланізацыі беларускага насельніцтва на «Усходніх крэсах», за вяртанне інтэлігенцыі ды эліты Заходняй Беларусі да беларускай ідэнтычнасці, але — выключна ў еўрапейскім культурным ключы.

Вайніловіч быў «сваім сярод чужых, чужым сярод сваіх»: чужым для зацятых палякаў, якія бачылі Беларусь выключна як прыдатак да Польшчы, чужым для беларускіх сацыялістаў, для якіх ён быў адно «панам» і «польскім землеўласнікам»… У гэтым ягоная асабістая трагедыя і, адначасна, трагедыя агульнабеларуская, калі галасы сапраўдных патрыётаў і гаспадароў заглушаюць крыкі папулістаў і мройнікаў.

Памёр Эдвард Вайніловіч у 1928 годзе ў Быдгашы, дзе і быў пахаваны. У 2006-м труна з ягонымі парэшткамі была ўрачыста перапахаваная ў Чырвоным касцёле ў Мінску, дзе знаходзіцца і дагэтуль.