Агучылі прысуды мінскім антыфа

10 сакавіка ў судзе Першамайскага раёна Мінска скончыўся працэс па так званай «справе антыфашыстаў». Суддзя фактычна задаволіў патрабаванні пракурора.

unnamed_y6442_hb0t5_vnkil.png


Такім чынам, самае жорсткае пакаранне атрымалі двое хлопцаў, якія абвінавачваюцца яшчэ і ў незаконным абароце наркотыкаў — Арцём Краўчанка і Вадзім Чартовіч. Іх асудзілі на 12 гадоў строгага рэжыму кожнага.
На 10 гадоў калоніі строгага рэжыму асуджаны Ілля Валавік — хлопец, якога, акрамя хуліганства, вінавацяць у кіраўніцтве шэрагам незарэгістраваных арганізацый (фанацкіх суполак). 
Прызналі вінаватымі ў злосным хуліганстве і далі па 4 гады Філіпу Іванову і Вадзіму Бойку. Дзмітрыя Цехановіча асудзілі на 6 гадоў агульнага рэжыму.
Цехановіч і Іваноў, якія знаходзіліся на волі падчас працэсу, былі ўзятыя па варту ў залі суда.
Сутычка паміж прыхільнікамі двух мінскіх футбольных клубаў — «правымі» фанатамі «Тарпеда» і «антыфашыстамі», што заўзеюць за «Партызан» — адбылася яшчэ 29 чэрвеня 2014 года. Тады дзве групы фанатаў пабіліся на прыпынку на вуліцы Несцерава. Пасля яны пабіліся яшчэ ў тралейбусе.
10 ліпеня 2014 года ў дачыненні да 10 чалавек былі заведзеныя крымінальныя справы за хуліганства. Шкода тралейбуснаму парку склала 280 тысяч «старымі», пацярпелых сярод пасажыраў не было. Неўзабаве ўсіх затрыманых выпусцілі, справу прыпынілі.
Але ў 2016 пасля працы міліцыянтаў з затрыманымі за наркотыкі Чартовічам і Краўчанкам справа была адноўленая, у мінскіх антыфашыстаў прайшоў шэраг вобшукаў. Затрымалі Валавіка, Бойку, Цехановіча і Іванова (апошніх двух пазней адпусцілі з-пад варты).
Наша Ніва