Тамара Сяргей: супраць грамадзян здзейснена правакацыя

Раніцай 6 лістапада ў Мінску ў адносінах да актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры здзейснена правакацыя з боку супрацоўнікаў міліцыі на транспарце, паведаміла карэспандэнту НЧ юрыстка Тамара Сяргей.



zhanchini_sjargej_sud_24_10_13_logo.jpg

Нагадаем, што з 2007 года актывісты ініцыятывы з розных рэгіёнаў краіны не могуць вырашыць праблему адпісак на свае звароты ў дзяржаўныя органы. Паколькі па гэтай праблеме 5 лістапада грамадзян сталага веку не прынялі ў Адміністрацыі прэзідэнта ў дзень асабістага прыёму аднаго з намеснікаў кіраўніка адміністрацыі, пенсіянеры вырашылі наўпрост звярнуцца да кіраўніка дзяржавы ў дзень ягонай інаўгурацыі.

Тамара Сяргей павінна была сустрэцца з актывістамі грамадзянскай ініцыятывы на сталічным чыгуначным вакзале, каб затым паспрабаваць сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам.

Прыблізна а 10.00, як толькі юрыстка ўвайшла ў будынак вакзала, да яе падышла маладая жанчына, сваім выглядам і неадэкватнымі паводзінамі падобная на наркаманку. Разам з жанчынай знаходзіліся два супрацоўнікі дарожнай міліцыі падпалкоўнік Сяргей Гаркавы і прапаршчык Сяргей Махнач. Невядомая жанчына, якая праз некаторы час знікла так і не назваўшы сябе, заявіла, што пад час знаходжання ў чарзе каля абменніку Тамара Сяргей скрала ў яе кашалёк з апошнімі грашыма.

Зараз юрыстка знаходзіцца ў дзяжурным пакоі аддзялення міліцыі на вакзале, а пенсіянеры чакаюць выкліку на апытанне.

На меркаванне Тамары Сяргей, правакацыя з боку супрацоўнікаў міліцыі на транспарце стала магчымай таму, што тэлефоны актывістаў ініцыятывы праслухоўваюцца, а іх дзеянні адсочваюцца.