МУС хоча забаніць доступ да сайтаў з "чорнага" спісу, а таксама стварыць ЛПП для наркаманаў
На нарадзе па пытаннях супрацьдзеяння незаконнаму абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў 4 снежня ў Мінску МУС выступіла з шэрагам ініцыятыў для эфектыўнага супрацьдзеяння нарказлачыннасці ў Беларусі, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч заявіў, што наспела вострая неабходнасць карэкціроўкі заканадаўства, звязанага з інтэрнэт-дзейнасцю. У прыватнасці, на яго думку, патрабуецца забарона доступу ўсіх інтэрнэт-карыстальнікаў да сайтаў, уключаных у спіс абмежаванага доступу.
Ён таксама заявіў аб неабходнасці стварэння ў Беларусі лячэбна-працоўных прафілакторыяў для нарказалежных. Шуневіч зазначыў, што мэтазгодна ў заканадаўстве замацаваць стварэнне
і функцыянаванне адзінага цэнтралізаванага ўліку нарказалежных асоб у органах аховы здароўя, што дазволіць выключыць зняцце з уліку наркалагічнай службы ў сувязі з пераменай месца жыхарства
ці накіраваннем у месцы пазбаўлення волі.
Кіраўнік МУС паведаміў, што мяркуецца прыняць закон аб больш жорсткай крымінальнай адказнасці за збыт псіхаактыўных рэчываў непаўналетнім і за выраб наркотыкаў і псіхатропаў ва ўмовах
наркалабараторый.
Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях плануецца дапоўніць нормай, якая прадугледжвае адказнасць за знаходжанне ў стане, выкліканым ужыванне наркатычных сродкаў без прызначэння ўрача.
Узмоцніцца адказнасць за ўжыванне наркатычных сродкаў у грамадскім месцы.
Закон аб наркатычных сродках, псіхатропных рэчывах, іх прэкурсорах і аналагах будзе дапоўнены палажэннямі, што дазволяць забараняць абарот новых наркатычных сродкаў, пераважна з утрыманнем
псіхатропаў, на працягу максімум аднаго тыдня. Паводле слоў міністра, пры прыняцці гэтага закона з'явіцца магчымасць аператыўна ўносіць у адпаведныя спісы новыя выяўленыя
рэчывы, якія эксперты прызнаюць наркатычнымі. Шуневіч звярнуў увагу на тое, што такога прэцэдэнту няма ні ў адной краіне. У заканадаўства ўводзіцца тэрмін "базавая структура хімічнага
рэчыва". Гэта дазволіць аўтаматычна забараніць абарот да 96% новых рэчываў, што пастаянна з'яўляюцца на наркарынку, пераважна спайсаў.
Апрача таго, у МУС лічаць неабходным прапрацаваць пытанне аб забароне стварэння электронных кашалькоў у электронных плацежных сістэмах, што дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі, без
рэгістрацыі поўных установачных звестак уладальнікаў у банкаўскіх установах. "Працяглая працэдура, якая існуе сёння, устанаўлення органамі ўнутраных спраў неабходных звестак на прадпрыемствах
сувязі і ў банках, а гэта займае ад 20 да 30 дзён, істотна павялічвае шанцы злачынцаў застацца неўстаноўленымі, учыніць шэраг асабліва цяжкіх злачынстваў, схаваць іх сляды або пазбегнуць
адказнасці", — сказаў міністр.
Андрэй Серада, БелаПАН